2010-07-24 11:21:35

У нядзелю ў касцёлах Беларусі адбудзецца асвячэнне аўтамабіляў і благаслаўленне вадзіцеляў


25 ліпеня, у нядзелю, Касцёл успамінае св. апостала Якуба і св. Крыштафа. Святы Крыштаф з’яўляецца апекуном вадзіцеляў, падарожнікаў і пілігрымаў, а яго імя з грэч. christophoros азначае «той, які нёс Хрыста». У гэты дзень у касцёлах Беларусі адбудзецца асвячэнне машын і благаслаўленне вадзіцеляў.

- Як паводзіць сябе на дарозе, ці Дэкалог вадзіцеля-хрысціяніна

Кожны год ва ўсім свеце ў дарожна-транспартных здарэннях гіне 1,2 млн. чалавек, у той час як параненых налічваецца 50 млн. Каб супрацьстаяць такім праблемам, свецкія і касцёльныя структуры павінны лепш каардынаваць энергію і сродкі, прапагандуючы годнасць чалавека таксама як карыстальніка дарог», — чытаем у дакуменце «Указанні аб душпастырстве вуліцы» (2007 г.) Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Дакумент уключае таксама «дэкалог вадзіцеля» — правілы, якімі павінен кіравацца кожны вадзіцель-хрысціянін.

Дэкалог вадзіцеля
Вадзіцель, ты знаходзішся на дарозе не адзін. Усюды ёсць Пан Бог твой — заўсёды памятай пра гэта.

1. Не забівай.
2. Няхай дарога будзе для цябе тым, што аб’ядноўвае людзей, а не смяротнаю небяспекаю.
3. Няхай ветлівасць, карэктнасць і асцярожнасць дапамогуць табе выйсці з непрадбачаных сітуацый.
4. Аказвай міласэрнасць і ў выпадку патрэбы дапамагай бліжняму, асабліва калі ён з’яўляецца ахвярай дарожна-транспартнага здарэння.
5. Няхай аўтамабіль не будзе для цябе праяваю ўлады, панавання і нагодай для граху.
6. З любоўю пераконвай маладых і не толькі маладых вадзіцеляў не сядаць за руль, калі яны не ў стане кіраваць аўтамабілем.
7. Аказвай падтрымку сем’ям ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў.
8. Дапамажы ахвяры і вінаватаму ў аварыі сустрэцца ў адпаведны момант, каб яны маглі перажыць вызваленчы досвед прабачэння.
9. На дарозе аберагай слабейшага.
10. Адчувай сваю адказнасць за іншых.









All the contents on this site are copyrighted ©.