2010-07-24 11:23:06

Павіншуем імяненнікаў:25 ліпеня:святога Якуба, апостала.


Якуб Большы, або Старэйшы, быў сынам рыбака Завядзея і Саламеіды братам святога Яна Багаслова. Разам са сваім братам Янам і святым Пятром ён быў адным з бліжэйшых давераных вучняў Езуса. Якуб і яго брат за іх парывісты тэмперамент былі празваныя Езусам "Баанергес" — Сынамі грому. Якуб стаў сведкам уваскрашэння дачкі Яіра і перамянення Пана, а таксама быў з Хрыстом у Гэтсыманіі. Пасля ўваскрасення Збаўцы Якуб мужна абвяшчаў Евангелле, і ў 43 ці 44 годзе па загадзе Ірада Агрыпы быў забіты ў Ерусаліме праз адсячэнне галавы. Такім чынам, святы Якуб першым з апосталаў прыняў мучаніцкую смерць за Евангелле. Лічыцца, што ён абвяшчаў Добрую Навіну ў Іспаніі. Рэліквіі святога былі цудоўным чынам адшуканыя на Паўднёвым Захадзе Іспаніі: над полем, дзе спачывала яго цела, заззяла зорка. Пазней на гэтым месцы (лац. campus stellae – поле зоркі) быў заснаваны горад Сант’яга-дэ-Кампастэла, які ў Сярэднявеччы наведвала больш пілігрымаў, чым Рым і Ерусалім. Святы Якуб з’яўляецца апекуном Іспаніі і вайскоўцаў, а таксама яблыкаў і іншых пладоў. Яго заступніцтва просяць пры рэўматызме і ў малітвах аб добрым надвор’і. Гэты цэлы год у Іспаніі прысвечаны Якубу Большаму-заступніку. Хіба маліліся да яго і футбалісты ды балельшчыкі?!








All the contents on this site are copyrighted ©.