Гомель: у лістападзе завершыцца будаўніцтва дзіцячай вёскі
У лістападзе 2010 г. плануецца здаць у эксплуатацыю дзіцячы хоспіс для
сірот-інвалідаў, будаўніцтвам якога займаецца Рэлігійная місія «Дабрачыннае Каталіцкае
Таварыства Карытас» Пінскай дыяцэзіі. Мяркуецца, што ў новыя камфартабельныя дамы
дзеці з Журавіцкага інтэрната будуць заселены ў пачатку наступнага года. Вёска
будуецца на працягу амаль шасці год у Навабеліцкім раёне Гомеля на ахвяраванні прыватных
асоб з краін Заходняй Еўропы. Каб паглядзець, як ідзе ўзвядзенне хоспіса і вызначыць
далейшыя крокі, 4 ліпеня 2010 г. будаўнічую пляцоўку ў Гомелі наведалі галоўныя спонсары
праекта Пітэр Вурм і Зігрыд Шпіндлбек-Лугер з аўстрыйскай арганізацыі «Карытас — Лінц»,
Марцін Лорэнц з дабрачыннай арганізацыі салідарнасці нямецкіх каталікоў з жыхарамі
Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «Renovabis» і Дорыс Альгоер з г. Харт у Аўстрыі. Таксама
ў Гомель прыехала с. Марыя, якая ўзначальвае Ордэн бэнэдыктынак-самарыцянак у польскім
мястэчку Негув, і некалькі сясцёр. Дом міласэрнасці разлічаны на пражыванне ў ім
60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных і спрыяльных
для ўсебаковага развіцця асобы. Праект прадугледжвае стварэнне пяці асобных груп-сем’яў,
кожная з якіх будзе ўключаць максімум 12 чалавек. Звяном, якое будзе злучаць такую
групу-сям’ю, стане законная сястра. Разам з дапаможным персаналам яна будзе клапаціцца
аб належным клімаце выхавання і атуляць дзяцей апекай. Даглядаць дзяцей будуць
сёстры Ордэна Бенедыктынак-Самарыцянак Крыжа Хрыстовага. Дзейнасць хоспіса будзе арганізавана
пры непасрэдным удзеле і падтрымцы абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне
насельніцтва.