“...ісці за Хрыстом – пад покрывам Багародзіцы” Завяршэнне XVI грэка-каталіцкай
пілігрымкі
У нядзелю, 11 ліпеня, у Полацку ўрачыстай Боскай Літургіяй, якую ля грэка-каталіцкага
храму св. Параскевы Полацкай узначаліў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей,
завяршылася XVI штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацк. Яна праходзіла
пад дэвізам: “...ісці за Хрыстом – пад покрывам Багародзіцы”, а яе кіраўніком быў
а. протапрэзьбітар Зміцер Грышан з Віцебска.. У апошні дзень пілігрымкі, у суботу,
пілігрымы прайшлі шлях ад Гаранаў праз Струнне – былой рэзідэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў,
дзе маліліся ля крыжа за спачылых святароў і ярархаў Уніяцкай Царквы, да сабору святой
Сафіі і пасля – да храму св. Параскевы Полацкай. У Струнні да пілігрымаў далучылася
група вернікаў з Полацкай рыма-каталіцкай парафіі разам з Сёстрамі Эўхарысткамі. Памінальнае
слова ля крыжа ў Струнні прамовіў а. Протарэзьбітар Яўген Усошын з Мінска. У Полацку
сардэчна сустракалі пілігрымаў душпастыр Полацкай грэка-каталіцкай парафіі а. Аляксандр
Шаўцоў разам з парафіянамі. Тыя ж гасцінныя парафіяне падрыхтавалі ў нядзелю святочную
трапезу (Агапу) для ўсіх удзельнікаў урачыстасці. У суботу ўвечары святочную Вячэрню
ў гонар святых пакутнікаў Барыса і Глеба служыў ераманах Пахом (Кавалёў), а Ютрань
у нядзелю раніцай а. Кірыл. Прыхожа ды духоўна спявалі семінарысты БГКЦ.
На
Боскай Літургіі ў нядзелю, на якой спяваў хор полацкай парафіі, маліліся святары
і вернікі з розных гарадоў Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Сярод вернікаў былі
і рыма-католікі, і праваслаўныя. У сваім казанні Архімандрыт Сяргей, звяртаючы
позірк на Багародзіцу як на дасканалы прыклад вернасці Хрысту, нагадаў пра значную
падзею ў жыцці нашай Царквы: сёлета адзначаюцца 280-я ўгодкі каранацыі Жыровіцкай
Іконы Багародзіцы, і запрасіў вернікаў да актыўнага ўдзелу ў будучых святкаваннях.
Малітва
за Святога Айца Бенядыкта XVI
11 ліпеня 2010 г., у рамках Боскай Літургіяй,
якую на завяршэнне XVI грэка-каталіцкай пілігрымкі ўзначаліў у Полацку Апостальскі
Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей, удзельнікі ўрачыстасці маліліся ў асаблівы спосаб
за Святога Айца Папу Бенядыкта XVI. У лацінскім абрадзе 11 ліпеня адзначалася памяць
святога Бенядыкта, нябеснага Апякуна Папы. У Боскай Літургіі прагучалі просьбы,
каб Госпад даў Першапастыру Каталіцкай Царквы Яго Святасці Бенядыкту “блаславенне
ды поспех у кожнай добрай справе”. Святары ды вернікі маліліся таксама за Прадстаўніка
Святога Айца ў Беларусі – Апостальскага Нунцыя Высокадастойнага Архібіскупа Марціна
Відавіча.