2010-07-09 15:03:03

Арганны канцэрт у катэдры



У Горадні ў катэдральным касьцёле адбыўся першы гэтым летам канцэрт, прысьвечаны шасьці стагодзьдзям арганнай музыкі. Граў прафэсар Ігар Алоўнікаў зь Менску. Падзея прывабіла мноства гараджанаў, якія касьцёл не наведваюць. Шмат хто мусіў стаяць, — так бывае ў храме на вялікія рэлігійныя сьвяты.
Да прысутных зьвярнуўся пробашч Ян Кучынскі, які распавёў пра гісторыю касьцёла Францішка Ксаверыя, былога езуіцкага, які гараджане па звычцы называюць "фарным", значыцца — прыходзкім. Пробашч нагадаў, што слухачы знаходзяцца ў храме, а не ў канцэртнай залі, таму папрасіў іх паводзіць сябе адпаведна.
Чвэрць стагодзьдзя (з 1960-га да 1985-га) набажэнствы былі забароненыя, затым улады дазволілі праводзіць адну імшу на год. Але неўзабаве ўсё зьмянілася, дазвол служыць тут атрымаў Тадэвуш Кандрусевіч, цяперашні арцыбіскуп, мітрапаліт Менска-Магілёўскі. Сёньня касьцёл Францішка Ксавэрыя — катэдра біскупа Гарадзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Наступны арганны канцэрт мае адбыцца 30 ліпеня.








All the contents on this site are copyrighted ©.