2010-06-26 10:45:43

Святы год ў Санцьяга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі, месцы шанавання святога апостала Якуба, мае таксама і моладзевы аспект.


У жніўні туды ажыццёвіць паломніцтва іспанская моладзь, да якой далучацца аднагодкі з суседніх краін. У гэтым годзе адзначаецца 119-ы з чаргі Святы Год. А паломніцтвы «шляхам святога Якуба» пачаліся яшчэ ў першых стагоддзях хрысціянства. 6 лістапада 2010 Санктуарый прыме выдатнага пілігрыма - Свяцейшага Айца Бенедыкта XVI.
Мясцовыя біскупы не забыліся і пра Сусветны Дзень Моладзі, які ў наступным годзе прыме іспанская зямля, а таму нядаўна апублікавалі сумесны ліст, адрасаваны да моладзі. Постаць святога апостала Якуба і яго шанаванне – асноўны акцэнт падрыхтовак. Евангелле распавядае нам, што пасля сустрэчы з Хрыстом ён усё кінуў, стаўся Яго вучнем, а пазней пачаў сам - прапаведаваць «да краёў зямлі". У процівагу іншым пасланням, якія нам прапануе свет, асабісты вопыт святога юнака Якуба кажа нам пра вялікую любоў і верную адданасць, кажа аб магчымасці заўсёды адчуваць прысутнасць Езуса. Менавіта ў гэтым духу вернікі здзяйсняюць паломніцтва да санктуарыя Санцьяга дэ Кампастэла. «Наша вера праўдзівая, бо, - пішуць біскупы, - мае сілу трывалай дружбы тых, якія маюць вернага Настаўніка і накіроўваюцца разам да мэты шчасця ўсіх, без выключэнняў і падзелаў». Біскупы таксама ўзгадваюць, што пад лозунгам «прыяцелі Госпаду, як і апостал Якуб” пройдзе ад 5 да 8 жніўня Моладзевае паломніцтва і сустрэча моладзі ў Сант'яга -дэ-Кампастэла. Аўтары ліста зьвяртаюцца з заклікам да юнакоў і дзяўчат прыняць удзел у гэтых мерапрыемствах, а мясцовых жыхароў заахвочваюць забяспечыць неабходную гасціннасць. Ліст заканчваецца перакананнем у тым, што «Божая любоў,аб якой мы даведаліся праз Езуса, ўмацуе наша жыццё і зробіць нас галоўнымі дзеячамі будучыні Царквы і свету». Падчас прэс-канферэнцыі біскуп Альфонс Карраско Роўко, адказны за моладзевае душпастырства ў правінцыі Галісія, паведаміў, што ад 10 ліпеня да 8 жніўня ў гэтым аўтаномным рэгіёне Іспаніі будзе знаходзіцца з паломніцтвам крыж Сусветных Дзён Моладзі.
Даведка: Юбілейныя Святыя Гады Якуба пачаліся ў Санц'яга-дэ-Кампастэла ў ХII стагоддзі . Яны аб'яўляюцца тады, калі свята апостала Якава 25 ліпеня па календары рымска-каталіцкага Касцёла прыпадае на нядзелю .
 








All the contents on this site are copyrighted ©.