У касьцёле Pater Noster у Ерусаліме ў наступным годзе будзе ўсталяваная
мэмарыяльная дошка з тэкстам малітвы «Ойча наш» на беларускай мове. Беларускамоўны
тэкст малітвы стане 64-м у мэмарыяле, складзеным з малітоўнага тэксту на розных мовах
сьвету. Пра гэта паведаміў мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Тадэвуш
Кандрусевіч таксама распавёў пра шэраг падзеяў, якія бліжэйшым часам адбудуцца ў каталіцкім
касьцёле ў Беларусі. Так, 2 ліпеня ў Будславе пройдзе штогадовая ўрачыстасьць у гонар
абраза Маці Божай Будслаўскай. Падчас сьвяткаваньня адбудзецца прэзэнтацыя новых кніг,
выдадзеных каталіцкім касьцёлам на беларускай мове. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
таксама паведаміў, што ў Менску адбылося сымбалічнае гашэньне паштовай маркі з нагоды
пагадненьня паміж Беларусьсю і Сувэрэнным Мальтыйскім Ваенным Ордэнам. Плянуецца таксама
выпусьціць марку ў гонар 300-годзьдзя абраза Маці Божай Будслаўскай. Як адзначыў
мітрапаліт, гэты год багаты на юбілеі сьвятыняў. Толькі ў Менску іх адзначаць два:
300-годзьдзе кансэкрацыі архікатэдральнага касьцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі і 100-годзьдзе
касьцёла Сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага касьцёла), паведамляе catholic.by.