2010-06-15 13:34:58

Копія Турынскай Плашчаніцы прыбудзе ў Віцебск



З 20 чэрвеня па 4 ліпеня 2010 г. у парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску будзе знаходзіцца копія Турынскай Плашчаніцы. На працягу двух тыдняў вернікі ўсіх віцебскіх парафій будуць мець магчымасць памаліцца каля гэтай «нямой сведкі Хрыстовага ўваскрасення». Праграма чуванняў прадугледжвае супольныя набажэнствы і час на прыватную малітву.
Урачыстае прывітанне копіі рэліквіі адбудзецца ў нядзелю 20 чэрвеня ў 9.30 у касцёле Езуса Міласэрнага. За арганізацыю далейшага пілігрымавання Плашчаніцы па парафіях дыяцэзіі будзе адказваць кс. Дзмітрый Іваноў з Сянна (Аршанскі дэканат).
Турынская Плашчаніца — гэта чатырохмятровае льняное палатно, у якое, паводле падання, Юзаф з Арыматэі завярнуў цела Езуса Хрыста пасля Яго смерці на крыжы. Рэліквія захоўваецца ў катэдры святога Яна Хрысціцеля ў Турыне (Італія). Адсюль і назва Плашчаніцы — Турынская. На тканым саване, у які было загорнута цела Езуса Хрыста, цудоўным чынам застаўся адбітак аблічча і цела Збаўцы, а таксама кроў, што выцякала з ран. Турынская Плашчаніца з’яўляецца адной з самых вялікіх хрысціянскіх рэліквій, сведчаннем галгофскіх падзей двухтысячагадовай даўнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.