Беларускія студэнты плануюць стварыць незалежны прафсаюз
Ініцыятыва стварыць незалежны студэнцкі прафсаюз прагучала на канфэрэнцыі па правах
чалавека ў Менску 13 чэрвеня, перадае агенцтва БелаПАН. Арганізатарамі канфэрэнцыі
былі актывісты моладзевай прафсаюзнай групы „Студэнцкая рада”, якая існуе з 2008 году.
Удзельнікі сустрэчы казалі аб неабходнасьці кансалідацыі дзеля таго, каб адстойваць
свае правы. „Мы выступаем за стварэньне незалежнага студэнцкага прафсаюзу. Большасьць
студэнтаў нічога ня ведае пра свае правы, і ў многіх канфліктных сытуацыях яны ня
ведаюць, што трэба рабіць”, - сказала адна з арганізатарак канфэрэнцыі Аляксандра
Дзікан. У якасьці прыклада была прыведзена сыстэма абавязковага разьмеркаваньня
выпускнікоў ВНУ. Паводле ўдзельнікаў сустрэчы, разьмеркаваньне не павінна быць завочным
і вырашацца толькі на ўзроўні кіраўніцтва ВНУ. Студэнты павінны мець права ўдзельнічаць
у вырашэньні пытаньня, якое тычыцца іх непасрэднай будучыні.