2010-06-07 13:48:12

Беларусь уключана ў сьпіс краін з найбольш рэпрэсіўным рэжымам


Праваабарончая арганізацыя "Freedom House" (ЗША) у чарговы раз уключыла Беларусь у сьпіс краін з найбольш рэпрэсіўным рэжымам. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе, апублікаваным на афіцыйным сайце арганізацыі.
Беларусь разам з Чадам, Кітаем, Кубай, Гвінэяй, Лаосам, Саудаўскай Арабіяй і Сырыяй апынулася ў перадапошняй групе краін па ступені захаваньня й паважаньня правоў чалавека. У апошнюю групу краін, дзе правы чалавека груба парушаюцца, уключаны Бірма, Экватарыяльная Гвінэя, Эрытрэя, Лібія, Паўночная Карэя, Самалі, Судан, Туркмэністан, Узбэкістан.
У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца, што ў краіне парушаюцца правы палітычных партый, грамадзкіх арганізацый і грамадзян. Канстытуцыя, гаворыцца ў дакладзе, надзяляе прэзыдэнта вельмі вялікімі паўнамоцтвамі, даючы яму магчымасьць кантраляваць урад, суд і "нават заканадаўчы працэс, бо ўказы прэзыдэнта маюць прыярытэт над законамі".
У Беларусі сыстэматычна абмяжоўваецца свабода прэсы, адзначаюць праваабаронцы. Улады краіны абмяжоўваюць права грамадзян на свабоду сходаў.
Найбліжэйшыя суседзі Беларусі, акрамя Расеі, аднесены да ліку свабодных краін з высокім паказчыкам выкананьня палітычных і грамадзянскіх свабод.








All the contents on this site are copyrighted ©.