2010-06-03 14:29:05

З гісторыі ўстанаўлення ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана.


Урачыстасць Цела і Крыві Пана, якая адзначаецца на ўспамін таго дня, калі Езус Хрыстус на Апошняй Вячэры ў Вялікі Чацвер устанавіў Эўхарыстыю, была ўстаноўлена ў 1246 г., першапачаткова толькі для дыяцэзіі Льеж (Бельгія). Затым яе святкаванне распаўсюдзілася ў Германіі. А ўжо ў 1264 г. папа Урбан IV булай «Transiturus» устанавіў Божае Цела святам, у якое ўвесь Касцёл складае падзяку Збаўцу за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае са сваім народам.
З прычыны смерці папы Урбана IV була была абвешчана ў 1334 г. папам Янам XXII. У 1391 г. папа Баніфацый IX загадаў увесці святкаванне ўрачыстасці Божага Цела паўсюль, дзе яшчэ гэта не практыкавалася.
Эўхарыстычныя працэсіі ў дзень Божага Цела былі ўведзены пазней. Першая з іх датуецца 1265–1266 гг. Адбылася працэсія ў Кёльне (Германія), у якой неслі крыж і Найсвяцейшы Сакрамэнт. Паводле старадаўняга звычаю, Эўхарыстыю бралі ў дарогу, каб аберагала падарожных ад усялякай небяспекі. У XV ст. эўхарыстычныя працэсіі як публічнае вызнанне веры адбываліся па ўсёй Германіі, Англіі, Францыі, у паўночнай Італіі і Польшчы. Працэсіі з самага ўзнікнення мелі ўрачысты характар.








All the contents on this site are copyrighted ©.