2010-05-20 13:49:09

Ватыкан: у чэрвені Папа наведае ў Рыме два месцы марыйнага культу


Праз месяц Святы Айцец наведае два месцы культу Божай Маці, што знаходзяцца на Монтэ Марыё, на адным з самых высокіх пагоркаў Вечнага Гораду. Ватыканскае Прэсавае Бюро паінфармавала, што 24-га чэрвеня Папа пераасвяціць там адноўленую статую Божай Маці, якую ў часе вялікае буры ў кастрычніку мінулага года, перагарнуў моцны вецер. Цяпер будзе знаходзіцца яна на тэрыторыі ксяндзоў арыяністаў, якія, згодна з традыцыяю, распачатаю іхнім заснавальнікам, Святым Алоізам Арыёнэ, арганізуюць ў гэтым часе па ўсім свеце “Свята Папы Рымскага”.
Затым Бэнэдыкт 16 наведае супольнасць кляўзуровых Дамініканак у кляштары Ружанцовай Божай Маці. Яны перахоўваюць у сваім манастыры адну з найстарэйшых марыйных ікон Вечнага Гораду “Галясарытіссу”, якую, як падае легенда напісаў сам Евангеліст Лука.
Статуя Божай Маці, якая мае 9-ць метраў вышыні і стаіць на пастаменце вышынёй ў 19-ць метраў была размешчана на Монтэ Марыё ў 1953-м годзе. Яе стварыў дойлід-гэбрэй Аррыго Мінэрбі, якога ў часе Другой сусветнай вайны укрывалі разам з сямёй айцы-арыяністы. Гэтым ён хацеў падзякаваць манахам за выратаванне жыцця. Адначасна гэта была падзяка Найсвятой Панне Марыі за выратаванне Вечнага Гораду ад ваенных знішчэнняў. Усталяванне статуі Марыі на адным з самых высокіх пагоркаў Рыма сустрэлася з энтузіязмам шматлікімі яе жыхарамі. Гэбрэйскі мастак, які памёр у 1961-м годзе, быў таксама аўтарам шматлікіх скульптур на хрысціянскія і наогул рэлігійныя тэмы.








All the contents on this site are copyrighted ©.