2010-05-03 12:57:19

Ікона, напісаная крывёю, гэта перамога жыцця-- роздумы Папы Бэнэдыкта 16 перад Турынскай Плашчаніцай


Галоўным матывам візіту Святога Айца ў Турын, 2-га мая, было наведанне славутае Плашчаніцы, якая выстаўлена цяпер для вернікаў у мясцовым каталіцкім Саборы. У часе абажання гэтае цудоўнае рэліквіі Папа сказаў разважанне, ў якім заявіў, што Плашчаніца з”яўляецца матарыяльным сведчаннем Вялікай Суботы, гэта значыць смерці Збавіцеля і Ягонага прабывання ў магіле.
“У наш час, асабліва пасля падзеяў мінулага стагоддзя, чалавецтва стала асабліва ўражлівае на тямніцу Вялікае Суботы,- сказаў Папа. Пасля двух Сусветных войнаў, канцэнтрацыйных лагераў і гулагаў, пасля Гірасімы і Нагасакі наша эпоха сталася ўсё ў большай ступені адзінаю Вялікаю Суботаю: змрок гэтага дня кліча да тых усіх, якія задумваюцца над жыццём і канкрэтна звяртаецца да нас веруючых. Таксама мы маем штосці супольнага з гэтаю цемраю”.
Бэнэдыкт 16 затым спаслаўся да вядомага адкрыцця, што Плагчаніца з”яўляецца свайго роду фатаграфічным дакумантам, які мае свой “пазітыў” і “негатыў”. Сімвалічна можна ў гэтым убачыць, што найбольш цёмная таямніца веры ёсць адначасна яркім знакам надзеі, якая не ведае межаў. Вялікая Субота з”яўляецца свайго роду “нічыёй зямляю” часу паміж смерцю і ўваскрасеннем, на якую ўваходзіць Бог- Чалавек, падзяляе чалавечую долю аж да смерці і магілы.
Святы Айцец адзначыў, што калі любоў ўступіла ў забароненую зону смерці, гэта абазначае таксама надыход жыцця. Абазначае святло новай надзеі—святло Увасккрасення. “Мне здаецца, што гледзячы на гэтае святое палатно вачыма веры можна штосьці зразумець з гэтага святла,- сказаў Папа. І думаю, што гэтыя тысячы людзей прыходзяць аддаць палатну пашану, менавіта таму, што бачаць у гэтым палатне не толькі цемру, але таксама і святло; і не столькі паразу жыцця і любові, сколькі перамогу, перамогу жыцця над смерцю, любові над нянавісцю. Так, яны бачаць смерць Езуса, але бачаць таксама Ягонае Уваскрасенне”.
Бэнэдыкт 16 адзначыў, што Турынская Плашчаніца з”яўляецца свайго роду іконаю, якая гаворыць, іконаю напісанаю крывёй ўбічаванага Чалавека, ў цярнёвым вянцы, укрыжаванага і з прабітым бокам. Тым не менш гэтая кроў Забітага гаворыць аб жыцці, абьяўляе гэтае жыццё выплываючы з ран як з крыніцы, сярод цішыні Вялікае Суботы.








All the contents on this site are copyrighted ©.