2010-04-30 13:49:01

Канцэрт у Ватыкане: Бэнэдыкт 16 аб выхаваўчай ролі музыкі


У чацвер 29-га красавіка ў Ватыкане адбыўся канцэрт, які зладзіў для Папы з нагоды пятай гадавіны Пантыфікату, Прэзыдэнт Італіі Джорджо Наполітано. У чацьвер таксама прыпадаў літургічны ўспамін Святой Кацярыны са С”ены, галоўнай нябеснай апякункі Італіі. У праграме выступу італьянскага маладзёвага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Ніколы Пашкоўскага, прагучалі тры сімфоніі: Трэцяя Джованні Баттіста Самартіні, 38-я Вольфгана Амадэўса Моцарта ды Чацвёртая Людвіка ван Бэтховена. У сваім слове падзякі за гэты юбілейны падарунак Святы Айцец спаслаўся на той факт, што выканаўцамі канцэрту былі маладыя людзі. Бэнэдыкт 16 падкрэсліў ролю музыкі ў фармаванні асабовасці новага пакалення
“Знаёмства з музыкай мае вялікае значэнне ў выхаваўчым працэсе,- сказаў Папа,- спрыяе гарманічнаму развіццю асобы і духа. Цяперашняя сітуацыя ў грамадстве патрабуе вялікага заангажавання ў выхаванне новага пакалення. Моладзь жыве ў розных кантэкстах, але аб”ядноўвае іх уражлівасць на вялікія ідэалы. З іх ажыцыцяўленнем маюць аднак многа цяжкасцяў. Мы не можам ігнараваць іхнія патрэбы і чаканні, а таксама перашкоды і пагрозы, з якімі яны сутыкаюцца. Акрамя таго,- зноў сказаў Святы Айцец,- маладыя людзі шукаюць, часам у замешанні і разгубленасці, духоўнага жыцця і трансцэндэнцыі, каб аднавіць раўнавагу і гармонію. Такім чынам, я хацеў бы адзначыць, што гэта менавіта музыка можа адкрыць розумы і сэрцы на духоўны памер жыцця. Яна заахвочвае чалавека, каб паднёс свае вочы да Гары, адкрыўся на абсалютнае Дабро і Прыгажосць, якія маюць сваю канчатковую крыніцу ў Богу”,- сказаў Пантыфік падчас канцэрта.








All the contents on this site are copyrighted ©.