Копія духоўнага сымбалю Беларусі, крыжа найпадобнай Эўфрасіньні Полацкай,
прыбывае з Полацку ў Менск. З Полацкага Спаса-Эўфрасіньеўскага манастыра ў менскі
Свята-Духаў катэдральны сабор копію крыжа Эўфрасіньні Полацкай даставяць 24 красавіка.
Крыж даступны для пакланеньня цягам пяці дзён — да 28 красавіка. Знаходжаньне
копіі духоўнага сымбалю Беларусі ў Менску зьвязана з прымеркаванымі да юбілею мітрапаліта
Філарэта ўрачыстасьцямі, якія праходзяць 22 – 25 красавіка. У рамках сьвяткаваньняў
заплянаваныя канцэрт клясычнай музыкі ў Вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі,
выстава ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, урачыстая частка і канцэрт у Нацыянальным
акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балету. Крыж сьвятой Эўфрасіньні Полацкай быў
зроблены ў 1161 годзе полацкім ювэлірам Лазарам Богшам. Крыж быў страчаны ў часе ІІ
усясьветнай вайны, яго месцазнаходжаньне дасюль невядомае. Копію крыжа Эўфрасіньні
Полацкай у 1992 – 1997 гадох выканаў берасьцейскі мастак Мікола Кузьміч. Асьвечаная
24 жніўня 1997 году мітрапалітам Філарэтам, копія крыжа захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскім
саборы Полацкага Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра.