2010-04-22 13:45:50

Мітрапаліт Філарэт атрымаў вышэйшую ўзнагароду Камітэта дзяржкантролю


Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, атрымаў вышэйшую ўзнагароду Камітэта дзяржаўнага кантролю — нагрудны знак КДК.
Як паведамілі ў прэс‑службе камітэта, прадстаяцель Беларускай праваслаўнай царквы ўзнагароджаны «за значны ўклад у духоўна‑маральнае і патрыятычнае выхаванне работнікаў органаў фінансавых расследаванняў». Нагрудны знак яму ўручыў 8 красавіка старшыня КДК Зянон Ломаць.
Акрамя гэтага, прадстаўнікам Беларускай праваслаўнай царквы ўручаны ганаровыя граматы Камітэта дзяржкантролю.
Мітрапаліт Філарэт, у сваю чаргу, уручыў кіраўніцтву фінансавай міліцыі Камітэта дзяржкантролю абраз апостала Паўла, які з 2009 года быў абраны нябесным заступнікам органаў фінансавых расследаванняў. Менавіта гэтаму святому належаць словы: «Корань бо ўсім злым — срэбралюбства ёсць». Гэта ж выслоўе працытавана і на абразе.
Як адзначыў мітрапаліт Філарэт, асноўная задача работнікаў фінансавай міліцыі заключаецца ў захаванні эканамічнай бяспекі краіны і спыненні злачынстваў у эканамічнай сферы.








All the contents on this site are copyrighted ©.