2010-04-09 20:21:37

Гамілія павінна доўжыцца не больш васьмі хвілін


Гамілія падчас Св. Імшы павінна быць не больш васьмі хвілін - такі сярэдні час, які дазваляе слухачу на ёй сканцэнтравацца, лічыць генеральны сакратар Сінода біскупаў Каталіцкага Касцёла арцыбіскуп Нікола Этэровіч. Прэлат таксама раіць прапаведнікам не зачытваць тэкст па паперцы, а карыстацца прыкладным планам - гэта дазволіць сьвятару ўсталяваць са слухачамі зрокавы кантакт. Гэтыя і іншыя рэкамендацыі арцыбіскуп Этэровіч выклаў у сваёй новай кнізе «Слова Божае», якую напісаў па выніках Сіноду біскупаў, які ў сваю чаргу прайшоў у 1998 годзе і быў прысвечаны Бібліі.

За звычай, сьвятары, рыхтуючыся да гаміліі, не задумваюцца аб тым, што ў іх недастаткова развітыя навыкі камунікацыі, а таксама не надаюць падрыхтоўцы дастаткова часу, лічыць прэлат. У якасці прыкладу сур'ёзнага стаўлення да гаміліі арцыбіскуп Этэровіч прыводзіць Папу Бенедыкта XVI, які пачынае рыхтавацца да нядзельнай гаміліі ўжо ў панядзелак - такім чынам, у пантыфіка застаецца амаль цэлы тыдзень на роздум над урыўкам з Пісання, тэма якога стане тэмай яго гаміліі. Прэлат таксама станоўча ўзгадаў праграму «паляпшэнне якасці гаміліі», якую праводзіць архідыяцэзія Парыжа - сьвятарам і дыяканам дыяцэзіі прапануюцца кіраўніцтва і нават спецыяльныя навучальныя курсы.

На думку арцыбіскупа Этэровіча, крыніцай натхнення для прапаведніка павінна быць «не толькі Біблія, але і газета» - гамілія павінна закранаць сусветныя або мясцовыя праблемы. У гаміліі таксама добра ўключаць «ідэі таго, чым людзі маглі б заняцца пасля Св. Імшы» - аб чым яны могуць памаліцца ці пачытаць, што зрабіць дома, на працы ці ў грамадстве, каб ажыццявіць у жыцці ідэі, выкладзеныя ў нядзельным евангелічным чытанні.








All the contents on this site are copyrighted ©.