2010-04-06 12:21:51

У мінскай парафіі Божага Цела маліліся за залежных ад алкаголю


Падчас набажэнства Крыжовага шляху ў парафіі Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана і Маці Божай Шкаплернай (Серабранкаўскі дэканат) 23 сакавіка 2010 г. маліліся за людзей, залежных ад алкаголю, і за іх сем’і.
Алкагалізм — гэта масавая хвароба сучаснага грамадства, ад якой пакутуюць не толькі самі залежныя, але і іх блізкія, якія з’яўляюцца сузалежнымі і таму пазбаўлены нармальнага асобаснага развіцця і росту. Колькасць хранічных алкаголікаў у Беларусі з кожным годам павялічваецца на дзесяткі тысяч чалавек. Пры гэтым статыстычныя даныя адлюстроўваюць толькі тых, хто стаіць на ўліку ў наркалагічных аддзяленнях.
Добрай дапамогай у справе лячэння і прафілактыкі алкагалізму, чым займаюцца адпаведныя дзяржаўныя ўстановы, можа стаць таксама малітва. У Беларусі пры некаторых рыма-каталіцкіх парафіях дзейнічаюць так званыя групы «Ананімных алкаголікаў», для якіх таксама праводзяцца дні духоўнага аднаўлення.
«Ананімныя алкаголікі» (англ. Alcoholic Anonymous) — міжнародная грамадская арганізацыя, якая многім людзям дапамагла ўсвядоміць сваю залежнасць ад алкаголю і знайсці ў сабе сілы, каб змагацца з гэтай хваробай. У працы груп «Ананімных алкаголікаў» рэалізуецца шэраг прынцыпаў: неабходнасць прызнання сябе алкаголікам, ананімнасць, фармаванне пазітыўных мэтаў у рэальным часе («Не піць менавіта сёння»), імкненне дапамагчы іншым.








All the contents on this site are copyrighted ©.