Пастырскае пасланне кардынала Казіміра Свёнтка на Вялікдзень 2010-га года
Наша пасхальная вера«Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да
магілы, і ўбачыў, і паверыў» (Ян 20, 8).Першым сведкам змёртвыхпаўстання Езуса
Хрыста было цяжка паверыць у гэтую надзвычайную падзею.Як пачулі мы ў сённяшнім Евангеллі,
Марыя Магдалена, убачыўшы пустую грабніцу, адрэагавала на гэта так: «Забралі Пана
з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго» (Ян 20, 3). У яе нават не ўзнікла думкі,
што Езус мог паўстаць з памерлых. Яна дапускала любую іншую магчымасць, акрамя змёртвыхпаўстання.
Падобнаю была рэакцыя і святога апостала Пятра, пра што апавядае евангеліст Лука:
«Пётр жа ўстаў і пабег да магілы, і, зазірнуўшы, убачыў там толькі палотны. І вярнуўся
да сябе, здзіўляючыся таму, што сталася» (Лк 24, 12).Калі жанчыны-міраносіцы
распавялі апосталам пра тое, як яны сустрэліся з Уваскрослым Хрыстом, «словы гэтыя
здаліся ім пустымі, і не верылі ім» (Лк 24, 11).Святы Мацвей завяршае сваё
Евангелле апісаннем сустрэчы вучняў Езуса з іх Уваскрослым Настаўнікам: «І калі Яго
ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся» (Мц 28, 17). А яшчэ
адзін вучань, святы Тамаш, цэлых восем дзён сумняваўся і не жадаў верыць, пакуль не
ўбачыць на руках Ягоных ранаў ад цвікоў і не дакранецца да іх (пар. Ян 20, 24–29). У
той жа час ізраэльскія першасвятары і старэйшыны падкупілі вартавых, якія сцераглі
грабніцу Езуса, каб распусціць плётку пра тое, што вучні Хрыста выкралі Ягонае цела
з магілы (пар. Мц 28, 11–15). Толькі святы апостал Ян, як ён сам піша, увайшоўшы
ў грабніцу, «убачыў і паверыў» (Ян 20, 8). Убачыў жа ён «палотны, якія там
ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна,
скручаная на іншым месцы» (Ян 20, 6–7). Натуральна, што калі б хтосьці забраў
цела Езуса, забраў бы Яго разам з палотнамі і хустаю, прынамсі не пакінуў бы іх акуратна
складзенымі. Значыць, павінна было адбыцца штосьці зусім іншае. Святы Ян, напэўна,
прыгадаў словы Езуса, у якіх Ён сведчыў пра сваё змёртвыхпаўстанне. «Зруйнуйце святыню
гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе» (Ян 2, 19), або: «Я — уваскрасенне і жыццё»
(Ян 11, 25). На падставе відавочных фактаў, убачаных у пустой грабніцы, святы
Ян упэўнена гаворыць пра сябе: «Убачыў і паверыў» (Ян 20, 8). Гэтая вера святога
Яна ўмацавалася ў ім дзякуючы шматлікім сустрэчам з Уваскрослым Хрыстом. Нарэшце,
у першым эпілогу свайго Евангелля святы апостал Ян кажа: «Шмат іншых цудаў, пра якія
не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб
вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, верачы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае»
(Ян 20, 31). Такою была пасхальная вера ўмілаванага вучня Езуса святога Яна,
апостала і евангеліста.Дарагія мае вернікі Пінскай дыяцэзіі! Запытайма сябе, якою
павінна быць наша пасхальная вера, гэта значыць, вера у Езуса Хрыста Уваскрослага.
У які ўжо раз мы будзем удзельнічаць у велікодных урачыстасцях? Што сёння прывяло
нас да грабніцы Пана, інсталяванай у касцёле? Ці толькі імкненне захаваць шматвяковую
традыцыю нашых продкаў, якія на кожную Пасху ішлі ў касцёл да Езусавай грабніцы?На
жаль, для многіх з нас велікодныя абрады сталі проста штогадовымі цырымоніямі літургічнага
касцёльнага года. Многія забыліся пра сапраўдны сэнс падзеяў, якія адбыліся 20 стагоддзяў
таму назад у Ерузалеме. Шмат людзей абмяжоўваюцца толькі знешнімі рытуаламі, сярод
якіх найбольш папулярнымі з’яўляюцца наведванне прыгожа аздобленай грабніцы Пана,
а таксама асвячэнне фарбаваных яек і іншых страваў на багаты велікодны стол. Але
настаў ужо час вярнуцца да першапачатковага, належнага святкавання пасхальнай урачыстасці,
аднавіць веру ў Змёртвыхпаўстанне Пана — факт, пацверджаны між іншым сведчаннем святога
апостала Яна, які ў пустой грабніцы Езуса кажа: «Убачыў і паверыў» (Ян 20, 8).Не
дазволім жа падмануць сябе тым, хто хацеў бы спавіць Хрыста нябожчыцкаю плашчаніцаю
і назаўжды пахаваць Яго ў магіле. Самае асноўнае, каб мы не змарнавалі сапраўднай
пасхальнай радасці, якая сыходзіць з праўдзівага змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста.Насамрэч,
факт уваскрасення Езуса не можа быць спасцігнуты нашым розумам, але ён даступны веры,
угрунтаванай на фактах трохдзённага знаходжання Хрыста ў грабніцы, перамогі над смерцю
і паўстання з магілы. Змёртвыхпаўстанне Езуса ўмацоўвае нашу хрысціянскую веру, якую
нярэдка крытыкуюць тыя, хто жыве далёка ад Бога. У розных цяжкасцях, перашкодах, цярпеннях
апораю нашай веры з’яўляецца Змёртвыхпаўстанне Хрыста. Праўда пра ўваскрасенне Езуса
Хрыста пацвярджае праўдзівасць Хрыстовага вучэння, Ягонага Дабравесця і вызначае мэту
ўсяго пасланніцтва Касцёла.Кожны, хто жадае паглыбіць сваю веру, павінен у думках
выходзіць з пустой грабніцы Езуса і нанава перажываць сустрэчу з Хрыстом Уваскрослым.
Умацаванне веры — гэта няспынны пошук Уваскрослага Хрыста, гэта жаданне сустрэцца
з Ім. Уваскрослы Хрыстус перамяняе зямное жыццё чалавека ў вечнае жыццё пасля смерці.
Змёртвыхпаўстанне Богачалавека Хрыста стала пачаткам несмяротнасці ўсіх людзей. Велікоднае
святло стала світаннем бясконцага, вечнага жыцця чалавека. Пасля змёртвыхпаўстання
Хрыста чалавек можа быць упэўнены ў тым, што пасля смерці будзе жыць вечна.Велікоднаю
раніцай званы склікаюць нас у святыні, каб мы належным чынам ушанавалі Уваскрослага
Езуса Хрыста. Можа і добра, што так гучна яны звоняць, каб абудзіць ад сну нашыя
сумленні, каб мы нарэшце пачалі жыць па-хрысціянску ў эру Змёртвыхпаўсталага Хрыста.У
гэтыя радасныя Велікодныя святы жадаю скіраваць усім вернікам Пінскай дыяцэзіі мае
самыя сардэчныя пажаданні разам з пастырскім благаслаўленнем, каб атрымалі шчодрыя
ласкі ад Таго, хто сваім змёртвыхпаўстаннем умацоўвае нашую надзею на ўваскрашэнне
да вечнага жыцця збаўленых у Валадарстве Нябесным. Аллелюя. + Кардынал Казімір
Свёнтэк Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі