2010-03-30 12:41:38

У гэбрэяў пачалося свята Пэсах


Учора пачалося габрэйскае сьвята Пэсах, якое адзначаецца ў гонар вызваленьня з эгіпецкай няволі. Вечарам ва ўсім сьвеце габрэі будуць адзначаць „сэдэр”, што на мове ідыш азначае „парадак”. На ўрачыстай вячэры зьбяруцца цэлыя сем’і, а ўсё, што паявіцца на стале, мае сваё значэньне – тлумачыць прафэсар Каталіцкага люблінскага ўнівэрсытэту Славамір Яцэк Журэк. Ёсьць хлеб – інакш маца, якая зьяўляецца сымбалем эгіпецкай няволі, ёсьць віно – сымбаль свабоды, харосэт – рэчыва, зь якога габрэі ў Эгіпце прымусова выраблялі цэглы, марор – горкія травы, якіх мочаць у растворы вады й воцату, што нагадвае сьлёзы, якія плылі з вачэй габрэяў у эгіпецкай няволі. Ёсьць яйка – сымбаль жыцьця. Найважнейшай гэтага вечара зьяўляецца хагада – гэта значыць аповесьць, якую бацькі перадаюць сваім дзецям і такім чынам перадаюць веру ў тое, што рука Бога ня высахла, і гэтая рука, як змагла адчыніць Чырвонае мора, так і сёньня зможа дапамагчы ў сучасным сьвеце.Сьвята Пэсах выпадае ў габрэйскай традыцыі на 14-ы дзень месяца нісан. Нісан – гэта першы месяц габрэйскага рэлігійнага календара. У Ізраілі Пэсах адзначаецца цягам сямі дзён.








All the contents on this site are copyrighted ©.