2010-02-26 13:56:27

Беларуская мова адродзіцца, але пазней


Таварыства беларускай мовы правяло навукова-практычную канферэнцыю «Сучасны стан беларускай мовы і дзейнасць грамадскіх арганізацый па яго паляпшэнні».
Сярод прысутных былі вядомыя навукоўцы, пісьменнікі, грамадскія дзеячы. Не ўсе, праўда, бралі слова. Некаторыя прыйшлі як сябры таварыства. Бо ў перапынку паміж выступленнямі адбылося пасяджэнне Рады ТБМ
З дакладам ад Міністэрства культуры выступіла Наталля Аўдзеева.
На агульным фоне станоўчых вынікаў працы Мінкультуры, спн. Аўдзеева адзначыла і недапрацоўкі. Сярод такіх — толькі 30 працэнтаў беларускамоўных спектакляў у бягучым рэпертуары драматычных тэатраў краіны, а таксама 37 працэнтаў — у лялечных тэатрах. На бліжэйшы час стаіць задача давесці гэтыя лічбы хаця б да 50.
Выступленне прадстаўніцы Мінкультуры выклікала ажыўленне. Можа і не столькі сам даклад, колькі магчымасць «ударыць мацней» дзяржаўнага чыноўніка.
Алег Трусаў у сваім выступленні выказаў ідэю стварыць «прысягу настаўніка». Толькі так можна абавязаць настаўнікаў размаўляць на роднай мове. Бо здараюцца выпадкі, калі студэнты скардзяцца на выкладчыкаў, якія, прачытаўшы лекцыю па-беларуску, па-за аўдыторыяй пераходзяць на расейскую мову. «Ведаюць, але не размаўляюць. Чаму?», — задаўся пытаннем Алег Трусаў.
«Можна не ўступаць у партыі і апазіцыйныя арганізацыі. Дастаткова 24 гадзіны ў суткі размаўляць па-беларуску, каб змяніць моўную сітуацыю», — перакананы сп. Трусаў. І вялікую надзею ў адраджэнні мовы ён ускладае на моладзь. Па яго словах, менавіта студэнты, найперш філалагічных факультэтаў, ствараюць найбольшую колькасць суполак ТБМ.
Канферэнцыя была разнапланавая. Адны занадта паглыбляліся ў гісторыю, іншыя — у мовазнаўства. Некаторыя пераказвалі біяграфіі культурных дзеячаў. На агульным фоне вылучылася выступленне Лявона Баршчэўскага. Ён закрануў тэму беларускай мовы ў СМІ. На яго думку, нашы тэлеканалы можна перавесці цалкам на беларускую мову ў сціслыя тэрміны і без вялікіх фінансавых выдаткаў. І ніякіх пратэстаў сярод гледачоў, лічыць мовазнаўца, такі крок не выкліча.
Бо, да прыкладу, футбольныя заўзятары яшчэ ў 1990-х глядзелі матчы з беларускамоўнымі каментатарамі. І ніякіх мітынгаў супраць гэтага не праводзілі.
Алег Трусаў плануе выдаць даклады выступоўцаў асобным зборнікам.








All the contents on this site are copyrighted ©.