2010-02-23 14:49:23

Успамін Росіцкіх Мучанікаў і ахвяраў нацысцкай карнай акцыі 1943-га году


У суботу, 20 лютага 2010 г., у Росіцы (Верхнядзьвінскі раён) прайшлі штогадовыя ўрачыстасьці ўспаміну Росіцкіх Мучанікаў і ахвяраў нацысцкай карнай акцыі трагічнага лютага 1943 году.
Штогод у рамках гэтых урачыстасьцяў вернікі ўспамінаюць у малітве разам з Блаславёнымі сьвятарамі-мучанікамі Юрыем Кашырам і Антонам Ляшчэвічам, таксама 1526 іншых ахвяраў, спаленых фашысцкімі карнікамі 16-18 лютага 1943 году.
Нягледзячы на зіму, засыпаныя сьнегам дарогі, на малітву у Росіцу прыехала больш за 300 пілігрымаў, у тым ліку арганізаваныя групы са сьвятарамі і сёстрамі-манахінямі з Полацку і Наваполацку, Лучая, Глыбокага, Друі, Браслава, Віцебска, Оршы, Барысава, Жодзіна, Мінска, а нават з Івацэвічаў.
Сярод пілігрымаў малілася група грэка-каталіцкіх вернікаў з Апостальскім Візітатарам БГКЦ Архімандрытам Сяргеем (Гаекам) і Віцэ-дэканам Усходняга Протапрэзьбітарату а. Алесем Шаўцовым.
Сьвятую Імшу ўзначаліў Генеральны Вікарый Віцебскай Дыяцэзіі кс. Пралат Францішак Кісель, казаньне прамовіў кусташ Росіцкага касьцёла а. Часлаў Курэчка МІС.
Пасьля Сьвятой Імшы вернікі у малітве прайшлі шлях да аднаго з месцаў спаленьня, дзе ўсталяваны памятны крыж.
Адзін з удзельнікаў росіцкіх урачыстасьцяў напісаў у сваім LJ:
“Нягледзячы на засьнежаныя дарогі, людзі туды прыехалі з многіх гарадоў і мястэчкаў, каб прасіць аб заступніцтве пакутнікаў, якія жыўцом былі спалены ў вагні. Прасіць, каб нашыя грахі, духоўныя немачы і хваробы былі спалены вагнём Божай ласкі...
Вецер са сьнегам у твар на шляху да крыжа, дзе адбылася трагедыя. Тым лютым людзей гналі з касьцёлу, як быдла, босых і распранутых. Куды? Адказ дае крыж, які вяртае чалавечую годнасьць, які дае мэту і сэнс, які ўзносіць па-над нянавісьць і безчалавечнасьць... Сутыкаючыся з такім подзьвігам веры, цяжка заставацца збоку, хочацца ісьці па сьлядах, да крыжа... ”

“Беларускія грэка-католікі лічаць Блаславёных Росіцкіх сьвятамучанікаў сваімі асаблівымі апекунамі ды памятаюць, што а. Юры Кашыра паходзіў з былой уніяцкай сям’і, якая пасьля 1839 г. была гвалтам пераведзеная ў маскоўскае праваслаўе, а а. Антон Ляшчэвіч быў зьвязаны з душпастырствам у візантыйска-славянскім абрадзе ў час працы ў Харбіне (у Манджурыі)” – сказаў Віцэ-дэкан Усходняга Протапрэзьбітарату а. Алесь Шаўцоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.