2010-02-16 19:41:05

Папа Бенедыкт 16 - да Сусветнага дня пакліканнняў: Каб быць надзейным сведкам, святар павінен жыць у сяброўстве з Хрыстом


“ Сяброўства з Хрыстом з'яўляецца краевугольным каменём ўсіх пакліканняў да святарства”,- чытаем ў Пасланні да 47 Сусветнага дня малітвы аб пакліканнях, які будзе адзначацца 25 красавіка, у нядзелю Добрага Пастыра. У дакуменце, апублікаваным у аўторак, Папа выяўляе і тое, што сьвятары пакліканыя быць знакам вернасці ў супрацьлегласць модзе сучаснага свету. Далей кіраўнік Сусветнага Касцёла падкрэслівае, што святар, да канца верны свайму пакліканню, абвяшчае свету радасць служэння. Задачай святара з’яўляецца вырашаць магчымыя канфлікты, спалучаць людзей, улагоджваць непаразуменні і дапамагаць прабачаць крыўды. Сёлетні Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях праходзіць пад дэвізам: «Сведчанне нараджае пакліканні». Асабістае святарскае сведчанне, як адзначае Папа, дае моладзі адвагу. Каб дапамагчы маладым людзям у распазнаванні свайго шляху, неабходны сустрэчы і шчырыя размовы з імі, святло і апора ў тых, хто ўзорным чынам перажывае сваё жыццё як непаўторнае святарскае пакліканне. У пасланні Папа адзначае, што святары, кансакраваныя асобы і супольнасці павінны быць «знакамі супраціву» ў адносінах да свету, логікай якога з’яўляецца матэрыялізм, эгаізм і індывідуалізм. Таксама Святы Айцец нагадвае, што сёлетні Дзень малітваў аб пакліканнях праходзіць у межах Года святарства, абвешчаным з нагоды 150-годдзя смерці святога, сельскага пробашча Яна Мары Віянэя. Папа дадае, што новыя святарскія і законныя пакліканні залежаць найперш ад дзеі ў чалавеку Бога, але таксама ад якасці і багацця асабістага і супольнага сведчання тых, хто ўжо адказаў на волю Пана, Які паклікаў іх да святарскага служэння або да законнага жыцця. Папа звяртае ўвагу на тое, што ў Старым Запавеце прарокі ўсведамлялі сваё пакліканне і ўласным жыццём сведчылі тое, што абвяшчалі, ды былі гатовыя сустрэць неразуменне, абвяржэнне ці нават пераслед. Тут ўзгадваюцца славутыя сведкі паклікання да Божай службы Хрысту. Гэта Ян Хрысціцель, які рыхтаваў прасцяг Езусу, апостал Пётр, яго брат Андрэй, старазапаветны прарок Натаніэль. «Свабоднае дзеянне Бога, — адзначае далей Папа, — сустракаецца са станоўчым адказам чалавека і стаецца яму штодзённым выпрабаваннем." Бо, хто прымае Божае запрашэнне, уласным сведчаннем павінен ставацца гарманічным інструмантам Божым. Святы Айцец прыпамінае, што, як заўсёды і да канца часоў, гэта й сёння адбываецца ў Касцёле: Бог карыстаецца сведчаннем верных святароў, каб абуджаць новыя святарскія і законныя пакліканні на служэнне Божаму народу. Бэнэдыкт XVI указвае на 3 асноўныя напрамкі місіі святара. Першым ёсць любоў да Хрыста. Па словах Папы, калі святар напраўду «Божы чалавек» і належыць Богу, дык дапамагае іншым пазнаць і палюбіць Бога. Ён проста не можа існаваць інакш як у глыбокай еднасці з Панам, услухоўваючыся ў Яго слова. «Малітва з’яўляецца першым сведчаннем, якое абуджае пакліканні», -навучае Святы Айцец. Другім аспектам паклікання з’яўляецца поўнае самааддаванне Богу. «Ідучы за Езусам, кожны, асабліва пакліканы да кансэкраванага жыцця, павінен сведчыць усім, што з’яўляецца поўным дарам для Бога». Трэці аспект паклікання, згодна са словамі Папы, гэта жыццё ў паяднанні. Святы Айцец падкрэслівае, што святару неабходна быць чалавекам супольнасці, адкрытым для ўсіх, здольным захоўваць еднасць дзеля дабра ўсяе грамады вернікаў, даручаных яму. Бэнэдыкт XVI перасцерагае святароў ад ізаляванасці, суму, бо іх паводзіны з’яўляюцца прыкладам, асабліва для маладых людзей.«Вернасць і сіла сведчання павінны абуджаць у сэрцах маладых людзей прагненне таго, каб пайсці за Хрыстом назаўсёды, поўняю аддацца Яму духоўна, — дадае Папа. — Наследаванне Хрыста і выключнае прыпадабненне да Яго — гэта ідэал кансэкраванага жыцця і сведчанне аб абсалютным першынстве Бога ў жыцці і гісторыі чалавека». Кожны святар, законнік і сястра законная, верныя свайму пакліканню, «перадаюць радасць служэння Хрысту і запрашаюць усіх хрысціян да станоўчага адказу на пакліканне да святасці, звернутае да кожнага».









All the contents on this site are copyrighted ©.