2010-02-13 11:32:27

Бэнэдыкт 16 заклікаў Касцёл у Румыніі і Малдавіі да еднасці



12 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з каталіцкімі біскупамі Румыніі і Малдавіі ў межах візіту іерархаў “ad limina Apostolorum”. Папа заахвоціў біскупаў да клопату аб еднасці Касцёла ў гэтых краінах, а таксама да супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой.
Ён нагадаў аб цяжкіх выпрабаваннях, якія выпалі на долю хрысціян абедзвюх краін, і аддаў пашану памяці біскупаў, святароў, законнікаў і законніц, а таксама свецкіх вернікаў, якія ў перыяд камуністычнага пераследу «выказалі нязломную прыхільнасць да Хрыста і Яго Касцёла, захаваўшы непарушную веру». Заклікаў біскупаў Румыніі і Малдавіі да еднасці са святарамі, глыбокай зацікаўленасці ў іх духоўным і матэрыяльным становішчы, а таксама да правядзення належнай фармацыі будучых душпастыраў. Святы Айцец адзначыў і неабходнасць супрацоўніцтва з законнымі супольнасцямі, якое дазволіць разам выконваць апостальскую місію згодна з харызмай кожнага і ў еднасці з мясцовым Касцёлам. Бэнэдыкт XVI указаў на патрэбу большай колькасці пакліканняў да святарства, дадаўшы, што ўвагі патрабуе таксама фармацыя пасвячаных асобаў.
Папа звярнуў увагу на праблемы жыцця сям’і ў абедзвюх краінах, якія ўплываюць на сітуацыю Касцёла. У сувязі з гэтым Святы Айцец заахвоціў біскупаў да ўтварэння ў парафіях сямейных кансультацый, якія забяспечаць належную падрыхтоўку да сужэнскага жыцця. Таксама Пантыфік адзначыў вялікую ролю душпастырства моладзі і заклікаў ствараць фармацыйныя асяродкі, дзе моладзь магла б пазнаваць сапраўдныя каштоўнасці і сведчыць аб іх у сваім асяроддзі.
Пры вырашэнні гэтых задач, па словах Бэнэдыкта XVI, важным з’яўляецца сведчанне братэрства паміж католікамі і праваслаўнымі. Папа выказаў надзею, што існуючыя праблемы ў адносінах Цэркваў у гэтых краінах будуць вырашаны ў духу справядлівасці і любові. Акрамя гэтага, Святы Айцец нагадаў аб неабходнасці супрацоўніцтва Цэркваў у справе абароны хрысціянскіх каранёў Еўропы, хрысціянскіх каштоўнасцяў і супольнага сведчання ў галіне сямейнага жыцця, біяэтыкі, правоў чалавека, этыкі грамадскага жыцця і экалогіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.