2010-01-20 13:19:37

У Мінску салезіяне арганізуюць дабрачынную акцыю дапамогі дзецям, якія сталі ахвярамі землятрусу на Гаіці


24 студзеня 2010 г., ва ўспамін святога Францішка Сальскага, які з’яўляецца галоўным апекуном таварыства салезіянаў, у мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранкаўскі дэканат), дзе працуюць ксяндзы салезіяне, адбудуцца адпустовыя набажэнствы, а таксама дабрачынная акцыя на карысць дзяцей, якія сталі ахвярамі землятрусу на Гаіці.
Як паведаміў інспектар Усходняй акругі салезіянаў кс. Джэзэппэ Пэлліццары, на Гаіці па прычыне прыродных катаклізмаў загінулі тры салезіяніна і быў разбураны цэлы будаўнічы комплекс, дзе працавалі ксяндзы з Таварыства святога Францішка Сальскага. З-за землятрусу пад развалінамі школы аказаліся дзеці. Паводле афіцыйных даных загінулі больш за 200 дзяцей.
Ксяндзы салезіяне, якія працуюць у Мінску, з мэтай дапамогі ахвярам землятрусу на Гаіці вырашылі правесці дабрачынную акцыю менавіта ва ўспамін св. Францішка Сальскага, «салодкага» доктара Касцёла. У нядзелю 24 студзеня на працягу ўсяго дня — з 9.00 да 21.00 — у Моладзевым цэнтры імя св. Яна Боска (вул. Пляханава, 28–1) кожны жадаючы зможа пачаставацца блінамі з мёдам і скласці свае ахвяраванні для дзяцей Гаіці, якія ў гэтыя дні знаходзяцца ў цяжкім становішчы і перажываюць страту блізкіх людзей.
«Быць усім для ўсіх» — гэтыя словы былі дэвізам св. Францішка Сальскага. Да гэтага, як адначыў інспектар Усходняй акругі салезіянаў, сёння закліканы і кожны з нас. Запрашаем усіх людзей добрай волі, незалежна ад веравызнання, далучыцца да гэтай высакароднай справы і, можа, праз сваё невялікае ахвяраванне аказаць сапраўдную дапамогу дзецям Гаіці, якія сёння аказаліся ў бядзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.