2010-01-11 14:48:40

Пасланне Святога Айца на 46 Сусветны Дзень Міру ( заканчэнне)


Бэнэдыкт XVI падкрэслівае неабходнасць новага тыпу салідарнасці паміж пакаленнямі і народамі, асабліва ў адносінах паміж высокаразвітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца. Ключавой праблемай нашага часу, якую закранае Пантыфік у звароце, стала выкарыстанне энергіі ў свеце. На думку Папы, неабходна выпрацоўка «супольнай ураўнаважанай стратэгіі, якая дазволіць забяспечыць патрэбы сённяшняга і будучых пакаленняў». Папа заклікае лепш забяспечаныя ў тэхналагічным плане краіны «кіравацца ўмеранасцю, змяншаючы свае патрэбы ў энергіі» і ўдасканальваючы спосабы яе выкарыстання.


У пасланні Святы Айцец падкрэслівае таксама патрэбу ў навуковых і тэхналагічных пошуках, якія дапамогуць вырашыць экалагічныя праблемы свету. Дасягненні сучаснай навукі, па словах Пантыфіка, дазваляюць стварыць гарманічныя адносіны паміж чалавекам і прыродным асяроддзем. У прыватнасці, гэта магчымасць выкарыстання сонечнай энергіі і гідрагеалагічнай сістэмы, праграмы развіцця вёскі, якія абапіраюцца на развіццё дробных сялянскіх гаспадарак, і інш. Неабходна пазбягаць «логікі чыстага спажывання», падтрымліваючы такія формы сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, якія б забяспечвалі патрэбы ўсіх людзей.


Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу таксама на важнасць недапушчэння з боку кожнага чалавека дэградацыі навакольнага асяроддзя, што звязана са зменай стылю жыцця, спосабаў спажывання і вытворчасці, якія часта бываюць несправядлівымі і неўраўнаважанымі ў плане стаўлення асобы да патрэбаў чалавецтва. Неабходнай, на думку Папы, з’яўляецца якасная змена ментальнасці, якая павінна схіліць усіх людзей да прыняцця новага стылю жыцця. У гэтым кантэксце Пантыфік заклікае вернікаў будаваць мір у свеце на падставе каштоўнасцей асобы, сям’і, супольнасці і грамадства ў цэлым. «Усе мы адказныя за абарону створанага свету і павінны клапаціцца пра яго, — падкрэслівае Святы Айцец. — Гэтая адказнасць не мае межаў». Папа заўважае таксама, што ахова навакольнага асяроддзя патрабуе «шырокага і глабальнага бачання свету, супольнага і адказнага намагання для таго, каб адысці ад логікі, у цэнтры якой стаіць эгаістычны інтарэс кожнай нацыі, і выпрацаваць у сабе бачанне патрэбаў усіх народаў».


Бэнэдыкт XVI падкрэсліў таксама важнасць сувязі чалавека з хараством і гармоніяй свету прыроды, перасцерагаючы ў той жа час ад экацэнтрызму і біяцэнтрызму, або абсалютызацыі прыроды і прызнаваннем яе больш важнай, чым сам чалавек. Такая пастава, па словах Папы, вядзе да ўзнікнення новага пантэізму, неаязычніцкіх тэндэнцый, якія выводзяць збаўленне чалавека з самой прыроды, якая разумеецца ў чыста натуралістычным сэнсе. Важным з’яўляецца шанаваць тую «граматыку», якую «Творца ўпісаў у сваю справу, давяраючы чалавеку ролю вартаўніка і адказнага распарадчыка створанага свету, які не павінен перавышаць свае паўнамоцтвы, але ў той жа час не можа адмовіцца ад даручанай задачы».


Напрыканцы паслання Святы Айцец нагадвае аб непарыўнай сувязі, якая існуе паміж Богам, чалавечымі істотамі і ўсім створаным светам. Кожны чалавек «мае абавязак ахоўваць прыроднае асяроддзе, каб будаваць свет супакою, — дадаў у сувязі з гэтым Папа. — Гэта важнае заданне, якое трэба рэалізаваць з удзелам усіх людзей; гэта нагода для таго, каб даць новым пакаленням перспектывы лепшай будучыні для ўсіх». Пантыфік заклікаў свядома клапаціцца аб гэтым усіх, асабліва тых, для каго важны лёс чалавецтва, адзначыўшы, што абарона стварэння і ўсталяванне міру цесна звязаны паміж сабой.


Паводле Catholic,by







All the contents on this site are copyrighted ©.