Успамін мучаніцкай смерці Экзарха Антона Неманцэвіча
Штогод 6 студзеня беларускія грэка-католікі узгадваюць мучаніцкую сьмерць экзарха
Антона Неманцэвіча, замучанага ў менскай турме СД 6 студзеня 1943 года.
6
студзеня 2010 года ў капліцы Душпастырскага цэнтра Сьвятога Язэпа адбылася ўрачыстая
Літургія Сьвята Богазьяўленьня з Вялікім асьвячэньнем вады. У часе Літургіі протапрэзьбітар
Яўген Усошын у кароткім слове згадаў, што менавіта ў гэты дзень, у які па юльянскім
каледары прыпадае пярэдадзень Раства Хрыстовага, а паводле грыгарыянскага календара
сьвяткуецца Хрост Госпада нашага Ісуса Хрыста, у 1943 годзе памёр у турме нямецкага
нацыстскага СД у Менску першы экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Антон Неманцэвіч.
Гэты
вялікі падзьвіжнік сьвятой веры і Зьяднаньня, памёр як мучанік. Ён жыў і нёс сваё
служэньне ва Ўсходняй Місіі айцоў езуітаў у Альбярціне, недалёка ад Жыровічаў, дзе
знаходзіцца вялікая сьвятыня Беларускага Народу - цудадзейная Жыровіцкая Ікона Багародзіцы,
шанавальнікам якой быў экзарх Антон. “У гэтым годзе, калі мы сьвяткуем
280-годздзе каранаваньня Жыровіцкай Іконы Маці Божай, з асаблівай малітоўнай увагай
узгадваем подзьвіг жыцьця і мучаніцкай сьмерці таго, хто рупліва працаваў на Божай
Ніве ў імя сьвятога Зьяднаньня пад Пакровам Жыровіцкай Багародзіцы” – падкрэсьліў
а. Яўген.
Айцец Антон Неманцэвіч замучаны ў менскай турме СД быў пахаваны
9 студзеня 1943 г. на нямецкіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай Царквы. Зямля
з месца ягонага пахаваньня захоўваецца каля так званага “дрэва вясны” у двары Душпастырскага
цэнтра Сьвятога Язэпа.
*** “Айцец Антон Неманцэвіч, Экзарх беларускіх
грэка-католікаў ва ўсім сваім жыцьці і служэньні стараўся быць пастырам і сьведкам
Евангельля для ўсіх сваіх суайчынікаў, бяз розьніцы веравызнаньня ці палітычных поглядаў. Ягоным
вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр цярпліва і нястомна стараўся
ён будаваць братэрскія адносіны з праваслаўнымі ў духу «пакорлівасьці і рэсьпекту
для праваслаўнай Царквы»” Архім. Сяргей (Гаек), 12 ліпеня 2008 г.