2010-01-09 11:08:33

Пасланне Святога Айца на 46-ы Сусветны Дзень Міру ( 1 частка)


«Усе мы нясём адказнасць за абарону створанага Богам свету і павінны клапаціцца аб ім. Гэтая адказнасць не мае межаў», — падкрэслівае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваім пасланні на 43-і Сусветны дзень міру. Дэвізам Сусветнага дня міру ў 2010 г. сталі словы: «Калі хочаш умацоўваць мір, ахоўвай усё стварэнне».


У пасланні Папа падкрэслівае, што ў абставінах разнастайных небяспекаў, якія пагражаюць міру і інтэгральнаму развіццю чалавека, — такіх, як войны, міжнародныя і рэгіянальныя канфлікты, тэрарызм, парушэнне правоў чалавека, — глабальнае значэнне для мірнага існавання чалавецтва мае абарона ўсяго стварэння. Бэнэдыкт XVI указвае на неабходнасць аднаўлення і ўмацавання саюзу паміж чалавекам і прыродным асяроддзем. Цытуючы сваю энцыкліку «Caritas in veritate» («Любоў у праўдзе»), Пантыфік падкрэслівае, што прыроднае асяроддзе «неабходна трактаваць як дар Бога для ўсіх», а яго выкарыстанне павінна спалучацца з «супольнай адказнасцю за ўсё чалавецтва, асабліва за бедных людзей і за будучыя пакаленні». Святы Айцец перасцерагае перад трактоўкай чалавечай асобы як звычайнага «наступства выпадку або эвалюцыйнага дэтэрменізму». «Трактоўка стварэння як дару Бога для чалавецтва дапамагае нам у паўнаце зразумець пакліканне і каштоўнасць чалавека», — піша Бэнэдыкт XVI.




Пантыфік звяртаецца таксама да апублікаванага ў 1989 г. паслання папы Яна Паўла ІІ на Сусветны дзень міру, якое мела назву «Мір з Богам Стварыцелем, мір з усім стварэннем». У гэтым звароце папярэднік Бэнэдыкта XVI падкрэслівае, што пагрозай для міру ў свеце з’яўляецца недахоп пашаны да прыроды, і заклікае да «паглыблення і ўдасканалення» экалагічнай свядомасці. Святы Айцец нагадвае, што Касцёл не займаецца канкрэтнымі тэхнічнымі вырашэннямі, звязанымі з экалогіяй, але разам з тым звяртае ўвагу на актуальнасць слоў Яна Паўла ІІ, які ў 1990 г. казаў аб «экалагічным крызісе» і падкрэсліваў, што гэты крызіс мае найперш этычны характар, які сведчыць аб «тэрміновай маральнай патрэбе новай салідарнасці».


У пасланні Пантыфік заклікае аддаваць належную ўвагу такім праблемам, як кліматычныя змены, пашырэнне пустынь, дэградацыя і страта прадуктыўнасці вялікіх зямельных абшараў, забруджванне рэк і вадасховішчаў, знішчэнне біялагічнай разнастайнасці, рост лічбаў прыродных катастроф, знішчэнне лясоў. Папа нагадвае аб лёсе так званых экалагічных выгнаннікаў, якія з прычыны знішчэння прыроднага асяроддзя ў іх рэгіёнах вымушаны змяніць месца жыхарства, а таксама аб канфліктах, звязаных з доступам да прыродных багаццяў.


Бэнэдыкт XVI адзначае, што экалагічны крызіс цесна звязаны з «канцэпцыяй развіцця, а таксама з пунктам гледжання чалавека і яго адносінаў з іншымі людзьмі і з усім стварэннем». Папа ўказвае на патрэбу «глыбокага і дальнабачнага аналізу мадэлі развіцця» і «роздуму над сэнсам эканомікі і яе мэтамі, якія робяць магчымымі змену няправільных механізмаў». На думку Святога Айца, каб перамагчы экалагічны крызіс, чалавецтву неабходна «глыбокае культурнае аднаўленне». Яму варта нанава адкрыць для сябе каштоўнасці, якія з’яўляюцца фундаментам будавання «лепшай будучыні для ўсіх».


Папа закранае і пытанне знішчэння прыродных багаццяў планеты, якое можа прывесці да іх вострага недахопу для наступных пакаленняў. Пантыфік звяртае ўвагу на тое, што знішчэнне прыроднага асяроддзя часта з’яўляецца вынікам недахопу дальнабачных палітычных праектаў і дбання выключна пра кароткачасовую карысць. «Каб захаваць прыроднае асяроддзе, каб атуліць апекай прыродныя багацці і клімат, трэба, з аднаго боку, з павагай захоўваць прававыя і эканамічныя нормы, а з другога — памятаць аб салідарнасці з жыхарамі найбольш бедных рэгіёнаў зямлі і будучымі пакаленнямі», — нагадвае Святы Айцец.
Паводле Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.