Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на Свята Раства
Хрыстовага і на Новы 2010 Год Гасподні
Пачэсныя Айцы сьвятаслужыцелі! Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты! Любыя
ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
1. “Слава на вышынях Богу, і на
зямлі супакой людзям добрай волі” – гэта словы, якія Анёлы сьпявалі ў Віфлееме, дзе
ў ясьлях нарадзіўся Спрадвечны Сын Божы - Госпад і Збаўца наш Ісус Хрыстос. А мудрацы,
якія з Усходу прыбылі ў Віфлеем, сьведчылі, што для ўсіх людзей уласьціва жаданьне
пазнаць Бога. Пазнаньне Бога дасягае паўнаты ў сьвятой Царкве, якая навучае, што
Хрыстос нараджаецца, каб у сэрцах людзей “аднавіць раней адпалы вобраз Божы”. Як
вы добра ведаеце, у днях 12 – 17 сьнежня 2009 году каталіцкія ярархі з Беларусі былі
ў Рыме з візітам “ad limina Apostolorum” (да парогаў Апосталаў). Сустрэча з Першаярархам
Каталіцкай Царквы Яго Сьвятасьцю Папам Бенядыктам XVI-тым ды з кіраўнікамі розных
ведамстваў Апостальскага Пасаду далі нам каштоўны вопыт Паўсюднасьці Царквы і магчымасьць
супольна асэнсаваць заданьні, якія стаяць сёньня перад вернікамі абодвух абрадаў Каталіцкай
Царквы ў Беларусі.
2. У Пастырскім Пасланьні, якое мы атрымалі ад Сьвятога
Айца, ён зьвярнуў увагу ярархаў і вернікаў Беларусі, што сёньня надзвычай важна, каб
з адноўленым запалам і з новымі сіламі абвяшчаць непрамінальную Евангельскую Вестку
ў грамадзтве. У тым жа грамадзтве трэба ўмацоўваць і разьвіваць сапраўдныя духоўныя
каштоўнасьці. Сьвяты Айцец нагадаў так сама, што перад пастырамі ды вернікамі Царквы
стаіць неадкладнае заданьне “паказваць сілу веры, укаранёнай у трывалай Традыцыі,
каб гэта паспрыяла захаваньню глыбокай хрысьціянскай тоеснасьці народу, у поўным павагі
дыялогу з іншымі культурамі і рэлігіямі”. Далей у сваім Пасланьні Яго Сьвятасьць
Бенядыкт XVI-ты зьвяртае ўвагу, што ў душпастырскім служэньні неабходным ёсьць братняе
супрацоўніцтва з Праваслаўнаю Царквою ў Беларусі. Сёньня Праваслаўныя Цэрквы, таксама
як і Каталіцкая Царква, грунтоўна разважаюць над тым, якім чынам адказваць на выклікі
нашага часу, каб верна перадаваць людзям Евангельле Хрыста. І далей Папа настаўляе
нас: “Прымаючы заахвочваньне, якое было выказана падчас нядаўняй каталіцка-праваслаўнай
сустрэчы на Кіпры, трэба прыкласьці яшчэ больш намаганьняў на супольным шляху ў гэтым
кірунку. Значны ўнёсак у гэтую справу можа ўнесці невялікая, але руплівая Грэка-каталіцкая
Супольнасьць вашай краіны. Яна зьяўляецца важным сьведчаннем для Царквы і Божым дарам”.
3.
Гэты пастырскі ўспамін Супольнасьці нашай Грэка-каталіцкай Царквы зьяўляецца для нас
– грэка-католікаў Беларусі асабліва каштоўным заахвочваньнем. Таму ў час сьвятаў
Раства Хрыстовага і Новага Году Гасподняга ў нашай малітве хочам памятаць пра нашую
Бацькаўшчыну Беларусь, пра ўсіх яе жыхароў розных канфесіяў. Разумеем, што моцную,
квітнеючую Беларусь магчыма пабудаваць толькі на фундаменце веры ў Бога. І гэта заданьне
для вернікаў усіх хрысьціянскіх Цэркваў у Беларусі. Трэба толькі, каб мы з радасьцю
прынялі Віфлеемскае сьвятло і адважна і мужна ішлі разам па шляху веры, надзеі і любові. У
гэтым духу грэка-католікі Беларусі шчыра моляцца, каб Новы 2010 Год Гасподні быў блаславёнай
нагодай разам з братамі лацінскага абраду ды з праваслаўнымі і пратэстантамі сулучна
сьведчыць, што Госпад Ісус Хрыстос нясе ўсім жыхарам Беларусі сьвятло Божай Праўды. У
Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве ў 2010 годзе будзем адзначаць 280-тыя ўгодкі каранаваньня
папскімі каронамі цудадзейнай Жыровіцкай Іконы Багародзіцы, якое праходзіла ў 1730
годзе з Апостальскага Блаславеньня Папы Бенядыкта XIII-га. Блаславеньне на святкаваньне
280-х угодкаў мы атрымалі ў Рыме ад Папы Бенядыкта XVI-га. Няхай гэтае Апостальскае
Блаславеньне дойдзе ў Новым Годзе да ўсіх людзей добрай волі ў Беларусі. І няхай
малітвы Жыровіцкай Маці Божай спадарожнічаюць усім Беларусам, як на Бацькаўшчыне,
так і па-за яе межамі. Усім сьвятарам, манахам, манахіням, семінарыстам, усім вернікам
нашае Царквы ды ўсім нашым Сябрам жадаем вялікага супакою сэрца, радасьці і надзеі. Усіх
вас віншуем з Божым Нараджэньнем і Новым 2010 Годам Гасподнім і вітаем сьвяточным
вітаньнем: Хрыстос нарадзіўся – Яго славім!
Менск, Раство Хрыстова 2009 году.
+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек) Апостальскі
Візітатар для грэка-католікаў Беларусі