2009-12-31 10:47:19

"Бласлаўлёны той, хто прыходзіць ў імя Пана"- працяг


Паважаныя cлухачы мы працягваем чытаньне кнігі cьвятара Варшаўcкай Тэалагічнай Акадэміі і cьвятара Яна Лаха, пад назвай “Блаcлаўлёны, хто прыходзіць у імя Панcкае”.
Аўтар гэтай кнігі‚ праcочвае развіцьцё меcыянкай ідэі ад чаcоў Цара Давіда да першахрыcьціянкай эпохі, разглядae некаторыя значныя тэкcты Старога і Новага Запаветаў, прадказваючыя меcіянcтва Езуcа Хрыcта‚ такія, напрыклад, як прароцтва прарока Натана ў 2 кнізе Самуэля. Cёньня мы працягваем чытаць cтаронкі другой главы гэтай кнігі пад назвай “Адрынуты наcтаўнік””, дзе аўтар разважае над Нагорным Казаньнем Езуcа Хрыcта і над прыказаньнем любові да ворагаў.

Прыказаньне любові да ворагаў было настолькі патрабавальным, што на працягу ўсёй гісторыі хрысьціянства рабіліся намаганьні знайсьці хоць якія выключэньні, каб не выконваць яго цалкам. Спачатку было адзначана, што выраз «палюбі, як самога сябе», не датычыў прыказаньня любові да ворагаў. З гэтага зрабілі выснову аб тым, што прыказаньне любові да ворагаў толькі забараняе ненавідзець іх. Было адзначана, што ворагаў сапраўды любяць не гэтак, як родных ці знаёмых. Бо нельга параўноўваць абавязкі, якія выцякаюць з прыказаньня аб любові да бліжняга да прыказаньня любові да ворагаў. Было ўведзена паняцьце аб гэтак званых двух ступенях маральных абавязкаў. Праводзілася адрозьненьне паміж любоўю да ворагаў, якая ўзьнікала на шляху дасканаласьці. Гэта значыць, тыя вернікі, што распачалі шлях дасканалсьці малітоўнага жыцьця маглі дасягнуць гэтай дасканалай любові, не абавязковай для простых сьмяротных, для якіх лічылася дастатковым, хаця б не невідзець ворагаў. Ці дэкляравалася, што гэтае прыказаньне могуць выканаць толькі дзеці Божыя, нават калі абавязаны сьледваць яму ўсе вернікі. Сьвяты Тамаш Аквінскі гаворыць, што любоў трэба распаўсюджваць на ўсіх, ў тым ліку, і на ворагаў, што іх нельга забываць у малітвах . Кожны павінен быць гатовым праявіць любоў да бліжняга, але калі ў гэтым ёсьць неабходнасьць. Любіць ворагаў без гэтай неабходнасьці, значыць стацца дасканалым у любові, што тым ня меньш, не абавязкова для ўратаваньня.
У сувязі з выкладзенымі вышэй меркаваньнямі, якія датычаць розных часоў і ўзьнікшымі ў адрозных умовах, узьнікае пытаньне, ці прыказаньне любові да ворагаў, прыведзена ў тэксьце Матэя зьяўляецца непрамінальнай і абавязковай дла ўсіх вызнаўцаў вучэньня Хрыстовага, альбо яна толькі абавязковая для тых, хто намагаецца ісьці шляхам дасканаласьці. Дый ці магчыма ўвогуле выканаць гэтае прыказаньне ў штодзённым жыцьці хрысьціяніна? Як спалучыць гэтае прыказаньне з іншымі тэкстамі Новага запавету, з якіх, як нам уяўляецца, вынікае, што закон у пэўных сітуацыях неабавязковы для выкананьня? Гэтак у другім пасланьні апостала Пятра мы чытаем наступныя, жудасныя словы аб тых, хто захоўвацца бязбожна:
«Яны як бязмоўныя жывёлы прыродныя, народжаныя на ловы й ўбой, лаюць тое, чаго не разумеюць, і ў тленьні сваім вынішчаны будуць, і заплату дастануць за няпраўду . Бо за шчасьце лічаць яны штодзённыя раскошы, срамнікі і паскуднікі, яны асалоду знаходзяць у ашуканствах сваіх, банкетуючы з вамі, вочы маюць поўныя юрнасьці і несупыннага граху, яны душы няцьвёрдыя прывабліваюць, яны маюць сэрцы прывучаныя да нажывы, гэта сыны праклёну. Пакінуўшы праведны шлях, яны зблудзілі, пайшоўшы па слядох Валаама...Гэта крыніцы бязводныя, аблокі, бурай гнаныя, для іх цемра чорная навекі прыгатавана... Бо ўцекшы ад поскудзі сьвету праз пазнаньне Пана і Збавіцеля нашага Езуса Хрыста, ізноў заблытаўшыся, паддаюцца ёй, дык апошняе для іх горш за першае, бо лепей бы ім не пазнаць шляху праўды, чым пазнаўшы адшвырнуцца ад дадзенага ім сьвятога прыказаньня. Бо з імі сталася паводле справядлівай прыказкі: сабака варочаецца ад блявоціны сваёй, а вымытая сьвіньня - валяецца ў брудзе.»
Эвангеліста Матэй, які прыводзіць гэтае радыкальнае прыказаньне Езуса, пераказвае таксама яго выказваньні супраць фарысеяў, якія, як бы падкрэсьліваюць, выказаную ў прыказаньні любоу да ворагаў. Ці падзяляў сам Матэй погляды, перададзеныя ў словах, прыведзеных у Нагорным Казаньні?
У сувязі з гэтымі складанасьцямі прадпрымаліся спробы падпарадкаваць прыказаньне любові да ворагаў прыказаньню любові да тых, хто станецца членам Царквы толькі ў будучым, гэта значыць да тых, хто ў будучым увойдзе ў супольнасьць верных, дзякуючы місіянерскай дзейнасьці. Прыказаньне любові да ворагаў у гэтым выпадку адносілася б да цяперашніх праціўнікаў, але толькі да тых, хто патэнцыяльна можа стацца сынамі Царквы.На заўвагу аб тым, што некаторыя з іх упарцяцца да канца, гаварылася, што ніколі не вядома, калі хто можа навярнуцца, і ніколі нельга губляць надзеі.


Шаноўныя cлухачы, вы cлухаеце cтаронкі з кнігі польcкага бібліcты і тэолага Яна Лаха‚ пад назвай “Блаcлаўлёны, хто прыходзіць у імя Панcкае”. У нашай наcтупнай перадачы праз тыдзень мы працягнем чытаньне наcтупных разьдзелаў з гэтай кнігі.








All the contents on this site are copyrighted ©.