2009-12-21 14:44:53

У Віцебскай дыяцэзіі пачаўся фестываль "Дні Хрысціянскай культуры 2009-2010"


19.12.09 у Віцебскай дыяцэзіі адкрыццём фотавыставы прац брата Карнэлія Кансэка SVD “Сям’я – крыніца жыцця і любові” у выставачнай зале мастацка-графічнага факультэта ВДУ ім. П. М. Машэрава пачаўся фестываль “Дні Хрысціянскай культуры 2009 -2010”.
Да навукоўцаў, мастакоў, студэнтаў з прамовай аб хрысціянскай каштоўнасці сям’і звярнуліся кс. Пралат Мечыслаў Янчышын і прарэктар ВДУ ім. П. М. Машэрава Ірына Бондал, свае вершы на біблейскую тэму чытаў вядомы паэт, старшыня фонда ім. М. Шагала Давід Сімановіч.
А 11-й гадзіне ў ВДУ ім. П. М. Машэрава пачалася III Міжнародная канферэнцыя “Божае нараджэнне ў кантэксце беларускай культуры”. У ёй узялі удзел навукоўцы, святары, паэты, настаўнікі і студэнты з Беларусі, Ізраіля, Польшчы, Індыі, Шры-Ланкі – каталікі, праваслаўныя, юдэі. Прагучалі даклады а. Рамана Шульца OP “Божае Нараджэнне і Эўхарыстыя”, “Традыцыі Божага Нараджэння ў Індыі” Марыі Вікторыі, “Хрысціянства ў Шры-Ланке” Мішэль Бенедыкт і Шэрын Ілаперумы, “Беларуская народная батлейка” і інш. Таксама быў выдадзены зборнік тэзісаў канферэнцыі.
А 17-й гадзіне у парафіі Святога духа ў Віцебску адчынілася фотавыстава прац Аляксандра Ужгародскага “Храмы Віцебска”.
Праект ажыццяўляецца айцамі сальватарыянамі (а. Тадэуш Дабравольскі) з бласлаўлення біскупа віцебскага Уладзіслава Бліна пры дапамозе дабрачыннага таварыства “Карытас”.










All the contents on this site are copyrighted ©.