2009-12-19 11:18:41

Полацкая святыня ўпрыгожыць падмаскоўны пасёлак міл"янераў


Міністэрства культуры Расіі прыняло рашэнне аб перадачы абраза XII ст. Полацкай Божай Маці з фондаў Дзяржаўнага Рускага музея ў царкву Аляксандра Неўскага ў катэджавым пасёлку Княжае Возера Маскоўскай вобласці.
Пра гэты абраз “Наша Ніва” пісала яшчэ ў 1998 годзе ў артыкуле «Скрадзены скарб». Ікону адны навукоўцы датуюць XII ст. і прыпісваюць візантыйскаму майстру. Іншыя — пачаткам XIV ст. і лічаць, што яе напісаў полацкі майстар.
Паводле пашыранай версіі, абраз Багародзіцы Эфескай прыдбала ў Канстанцінопалі Еўфрасіння Полацкая для царквы Багародзіцы ў Полацку.
Яна паслала па ікону да візантыйскага імператара Мануіла Комніна слугу з каштоўнымі дарамі. Патрыярх Канстанцінопальскі Лука блаславіў прывезены з Іерусаліма абраз у Сафійскім саборы. Слуга Еўфрасінні, Міхал, даставіў абраз у Полацк. У Беларусі яе сталі зваць Адзігітрыяй Полацкай, Пуцяводнай. Паводле легенды, менавіта гэтым абразом дабраслаўлялі шлюб Аляксандра Неўскага і полацкай князёўны Параскевы ў 1239 г.
З моманту захопу Полацка войскамі Івана Жахлівага ў 1579 г. абраз знікае з Беларусі.
Маці Божая Полацкая з’яўляецца ў XVII ст. у саборы горада Тарапец. Таму ікону называюць яшчэ «Тарапецкай», у дадатак да старых назваў «Эфеская», «Корсунская». У 1920‑я сабор быў зачынены, а ікона апынулася ў тамтэйшым краязнаўчым музеі. У 1930 годзе абраз перадалі на захаванне ў Дзяржаўны Рускі музей. Маці Божая Адзігітрыя Полацкая — адзін з самых старажытных абразоў у свеце.
Гэта не адзіная нацыянальная каштоўнасць, страчаная амаль незваротна. Крыж Еўфрасінні Полацкай, а таксама творы Леанарда, ван Дэйка, Розы з калекцый беларускіх магнатаў таксама былі вывезены з Беларусі, толькі пазней, у ХІХ—ХХ стст.








All the contents on this site are copyrighted ©.