2009-12-03 13:40:09

Адбываецца дапрацоўка праекта Канкардату паміж Беларусьсю і Ватыканам


Супрацоўнікі Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў удзельнічаюць у дапрацоўцы праекта канкардату паміж Беларуссю і Ватыканам па просьбе Міністэрства замежных спраў Беларусі. Аб гэтым паведаміў 2 снежня 2009 г. упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў у Беларусі Леанід Гуляка падчас оnline канферэнцыі на сайце інфармацыйнага агенцтва «БелТА».
«Неабходна прымаць пад увагу, што Ватыкан — гэта самастойная і незалежная дзяржава, таму дагаворныя адносіны з ім могуць мець менавіта міжнародны характар, з захаваннем усіх патрабаванняў, прадугледжаных для міжнародных дагавораў», — адзначыў Леанід Гуляка, дадаўшы, што гэтыя пытанні знаходзяцца ў кампетэнцыі Міністэрства замежных спраў.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў нагадаў таксама аб візіце ў нашу краіну ў чэрвені 2008 г. Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ, з якім сустракаўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся перспектывы развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, у тым ліку і магчымасць заключэння канкардату паміж дзяржавамі.


Артыкулам 16 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што ўзаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Пры гэтым артыкул 8 закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» паведамляе, што дзяржава можа будаваць свае адносіны з рэлігійнымі аб’яднаннямі шляхам заключэння пагадненняў у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам краіны.


З улікам гэтага 12 чэрвеня 2003 г. было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Беларускай Праваслаўнай Царквой. Пазней, як паведаміў Леанід Гуляка, органамі дзяржаўнага кіраўніцтва і Беларускім Экзархатам у адпаведнасці з пагадненнем былі распрацаваны і падпісаны 14 сумесных праграм супрацоўніцтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.