Пасланьне Папы на 96-ы Сусьветны Дзень Мігрантаў і Бежанцаў
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI паставіў пад увагу грамадскасці драматычную сітуацыю непаўналетніх
мігрантаў, заклікаючы зрабіць магчымым для гэтай сацыяльнай групы атрыманне адукацыі
і інтэграцыю ў новых жыццёвых умовах. У звароце, апублікаваным з нагоды Сусветнага
дня мігрантаў і бежанцаў, Пантыфік падкрэсліў чалавечую годнасць кожнага мігранта
і яго правы, якія павінны шанавацца заўсёды. Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў
у гэтым годзе будзе прысвечаны ў першую чаргу праблемам непаўналетніх мігрантаў. Як
адзначае ў сваім пасланні Святы Айцец, нягледзячы на пастанаўленні міжнароднага заканадаўства,
правы гэтай катэгорыі прызнаюцца далёка не заўсёды. Папа звяртае асаблівую ўвагу на
неабходнасць забеспячэння годнага фізічнага, культурнага, духоўнага і маральнага развіцця
непаўналетніх мігрантаў. У пасланні Пантыфік закранае таксама праблему дзяцей,
якія нарадзіліся ў краінах, куды пераехалі іх бацькі, або далучыліся да бацькоў, што
прабываюць за межамі сваёй радзімы. Такія асобы належаць да дзвюх культур і могуць
пазнаць іх багацце ва ўсёй паўнаце. Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што такія дзеці павінны
мець магчымасць наведваць школу, а пазней — уладкоўвацца на працу і інтэгравацца ў
грамадстве. «Маладосць — гэта фундаментальны этап чалавечай фармацыі», — дадае ў сувязі
з гэтым Папа.
Святы Айцец заклікаў таксама да прыняцця скаардынаваных
дзеянняў з мэтай дапамогі непаўналетнім бежанцам, нагадаўшы, што ў гэтых пытаннях
належыць кіравацца палажэннямі Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці. Звяртаючыся да парафій
і каталіцкіх супольнасцяў, Папа заахвоціў хрысціян з разуменнем ставіцца да становішча
ў грамадстве непаўналетніх мігрантаў і бежанцаў. Дзейнічаючы ў гэтай сферы, як адзначыў
Пантыфік, неабходна кіравацца верай, каб прыязнасць і салідарнасць у адносінах да
іншаземных грамадзян сведчылі аб «абвяшчэнні Евангелля салідарнасці».