2009-11-28 11:31:23

Пасланьне Папы на 96-ы Сусьветны Дзень Мігрантаў і Бежанцаў


Святы Айцец Бэнэдыкт XVI паставіў пад увагу грамадскасці драматычную сітуацыю непаўналетніх мігрантаў, заклікаючы зрабіць магчымым для гэтай сацыяльнай групы атрыманне адукацыі і інтэграцыю ў новых жыццёвых умовах. У звароце, апублікаваным з нагоды Сусветнага дня мігрантаў і бежанцаў, Пантыфік падкрэсліў чалавечую годнасць кожнага мігранта і яго правы, якія павінны шанавацца заўсёды.
Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў у гэтым годзе будзе прысвечаны ў першую чаргу праблемам непаўналетніх мігрантаў. Як адзначае ў сваім пасланні Святы Айцец, нягледзячы на пастанаўленні міжнароднага заканадаўства, правы гэтай катэгорыі прызнаюцца далёка не заўсёды. Папа звяртае асаблівую ўвагу на неабходнасць забеспячэння годнага фізічнага, культурнага, духоўнага і маральнага развіцця непаўналетніх мігрантаў.
У пасланні Пантыфік закранае таксама праблему дзяцей, якія нарадзіліся ў краінах, куды пераехалі іх бацькі, або далучыліся да бацькоў, што прабываюць за межамі сваёй радзімы. Такія асобы належаць да дзвюх культур і могуць пазнаць іх багацце ва ўсёй паўнаце. Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што такія дзеці павінны мець магчымасць наведваць школу, а пазней — уладкоўвацца на працу і інтэгравацца ў грамадстве. «Маладосць — гэта фундаментальны этап чалавечай фармацыі», — дадае ў сувязі з гэтым Папа.


Святы Айцец заклікаў таксама да прыняцця скаардынаваных дзеянняў з мэтай дапамогі непаўналетнім бежанцам, нагадаўшы, што ў гэтых пытаннях належыць кіравацца палажэннямі Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці. Звяртаючыся да парафій і каталіцкіх супольнасцяў, Папа заахвоціў хрысціян з разуменнем ставіцца да становішча ў грамадстве непаўналетніх мігрантаў і бежанцаў. Дзейнічаючы ў гэтай сферы, як адзначыў Пантыфік, неабходна кіравацца верай, каб прыязнасць і салідарнасць у адносінах да іншаземных грамадзян сведчылі аб «абвяшчэнні Евангелля салідарнасці».








All the contents on this site are copyrighted ©.