2009-11-24 13:53:36

У Сьвятой Зямлі адкрыта Сінагога часоў Ісуса Хрыста



Руіны сінагогі ў Магдале (Ізраіль), якія паходзяць з часоў Езуса Хрыста, адкрылі ізраільскія археолагі з Дэпартамента старажытнасці. Сенсацыйнае адкрыццё адбылося падчас будаўнічых прац на тэрыторыі, якая належыць Легіянерам Хрыста. Варта нагадаць, што 11 мая 2009 г. , падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI благаславіў камень, закладзены ў аснову Цэнтра Магдалы, задуманага як асяродак ўзаемнага дыялогу і талерантнасці.
На думку юдэйскіх і хрысціянскіх археолагаў, сінагога, адкрытая ў Магдале, з’яўляецца адной з найстаражытнейшых, пабудаваных яшчэ да знішчэння Ерузалема ў 70 г. У цэнтры руінаў сінагогі знойдзены камень з багатымі барэльефамі на 4 баках і на верхняй частцы. Адным з самых цікавых дэкаратыўных элементаў сінагогі з’яўляецца менора — падсвечнік для 7 свечак, які стаіць на трохвугольнай падстаўцы з дзвюма амфарамі з правага і левага бакоў. У цэнтральнай частцы сінагогі можна ўбачыць фрагменты мазаікі, фарбаваную тынкоўку, а таксама рэшткі каменнай лавы, на якой вернікі маглі сядзець падчас набажэнстваў.
Адкрыццё гэтага важнага сведчання юдэйскай супольнасці І ст. н. э. з’яўляецца для Легіянераў Хрыста матывацыяй, каб стварыць Цэнтр дыялога паміж рознымі рэлігіямі і культурамі у будучым комплексе. Даследчыкі адзначаюць, што ў І ст. Магдала была населеным пунктам з 40-тысячным насельніцтвам, мела абарончыя муры, іпадром, сінагогі і школы рабінаў. Мігдал, яўрэйская назва населенага пункта, азначае «вежа рыб», што сведчыць аб рыбнай лоўлі як аснове гаспадаркі яго жыхароў.
А. Ян Марыя Салана LC, інспіратар пабудовы асяродка Легіянераў Хрыста ў Магдале, адзначыў: «Мы бачым, што Магдала — гэта святое месца, звязанае з Панам Езусам і яго вернай вучаніцай Марыяй Магдаленай. Адкрыццё гэтай старажытнай сінагогі захапляе нас і ў той жа час мабілізуе да вывучэння гэтага месца, якое з’яўляецца мэтай пілігрымак вернікаў розных рэлігій».

Адкрыццё Цэнтра Магдалы запланавана на канец 2011 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.