Прыгадаем словы на Агульнай аўдыенцыі ўАпостальскай Сталіцы 18 лістапада 2009 г.,
якія Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прысвяціў тэме хараства.
catholic.by Папа падкрэсліў, што, калі вера, асабліва падчас Літургіі, сустракаецца
з мастацтвам, узнікае глыбокая сувязь, пры якой абодва бакі «могуць і жадаюць казаць
пра Бога, робячы Нябачнага бачным» Па словах Святога Айца, немагчыма зразумець
цуд еўрапейскага мастацтва, калі не ўдумвацца ў іх духоўны сэнс. Бэнэдыкт XVI працытаваў
таксама словы вядомага мастака родам з нашага ВІцебску Марка Шагала аб тым, што «на
працягу стагоддзяў мастакі апускалі свае пэндзлі ў той каляровы алфавіт, якім з’яўляецца
Біблія». Папа паабяцаў, што гэтая тэма будзе разгледжана шырэй падчас яго сустрэчы
з дзеячамі мастацтва 21 лістапада. «Я хачу падзяліцца сваёй думкай падчас сустрэчы
з дзеячамі мастацтва, аднавіўшы разам з імі прапанову прыязнасці паміж хрысціянскай
духоўнасцю і мастацтвам».У катэхезе Папа звярнуў увагу на хараство гатычных сабораў,
створаных у часы сярэднявечча. Іх прыгажосць, па словах Бэнэдыкта XVI, нагадвае дзеячам
мастацтва аб тым, наколькі «прыгожым і захапляльным з’яўляецца шлях чалавека да пазнання
Божых таямніцаў». «Чым жа можа быць тое хараство, якое па-рознаму выказваюць пісьменнікі,
паэты, музыканты і мастакі, як не водбліскам адвечнага Слова, якое стала Целам?» —
запытаўся, завяршаючы катэхезу, Святы Айцец.