2009-11-18 14:16:13

Кшыштаф Зануссі выказаўся аб веры падчас сустрэчы са студэнтамі Інстытута тэалогіі імя Сьвятых Мяфодзія і Кірыла


15 лістапада 2009 г. польскі рэжысёр Кшыштаф Зануссі, які прыбыў у Беларусь з нагоды XVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад — 2009», наведаў мінскі Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла, дзе правёў майстар-клас для выкладчыкаў і студэнтаў. Да канца тыдня рэжысёр плануе наведаць з кінапаказамі таксама іншыя беларускія гарады.
Сустрэча, пабудаваная па прынцыпу «пытанне–адказ», праходзіла ў нефармальнай абстаноўцы і адзначалася вельмі цёплай атмасферай. Да польскага рэжысёра былі скіраваны шматлікія пытанні: студэнты цікавіліся асабістым жыццём сцэнарыста, яго меркаваннем наконт пэўных кінастужак, а таксама тым, што натхняе рэжысёра на новыя работы і адкуль ён чэрпае сюжэты для сваіх фільмаў.
Падчас сустрэчы Кшыштаф Зануссі адзначыў, што сярод яго карцін ёсць «некалькі моцна звязаных з верай і рэлігіяй». Ёсць у аўтара, які вызнае каталіцтва, і работа, прысвечаная праваслаўю. Выказваючыся на тэму праваслаўя і каталіцызму, Кшыштаф Зануссі прызнаўся: «У мяне няма ніякага жадання, каб праваслаўныя былі падобныя да католікаў, а католікі да праваслаўных. Але мы павінны проста паважаць адзін аднаго, цаніць сябе і прызнаваць, што ў нас ёсць розныя традыцыі. Так, як было ў першым тысячагоддзі». Рэжысёр выказаўся і адносна стаўлення да граху з боку хрысціян і нехрысціян. «Розніца не ў тым, што хрысціяне не грашаць, — адзначыў Зануссі. — Хрысціянін грашыць, як і ўсе, розніца ў іншым: ён ведае, што гэта грэх, у той час як астатнія яго не прызнаюць».


У адказ на пытанне, ці верыць рэжысёр у тое, што мастацтва і кіно могуць змяніць свет, польскі культурны дзеяч заўважыў: «Не радыкальна, вядома, бо мы не павінны марыць, што будзе рай на гэтай зямлі». Разам з тым, па словах Кшыштафа Зануссі, «мастацтва дапамагае жыць».


Падчас размовы Кшыштаф Зануссі паведаміў, што ў пятніцу 20 лістапада ён накіруецца ў Ватыкан, дзе ўпершыню сустрэнецца са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI.
Паводле Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.