2009-11-12 11:48:47

Рым. Ватыканская пошта выпусціла памятную паштовую марку, прысвечаную 200-гадоваму юбілею стваральніка азбукі для сляпых Луі Брайля.


На марцы змешчаны партрэт стваральніка рэльефна-кропкавага алфавіту для сляпых, а ягонае імя запісана менавіта пры дапамозе прыдуманых ім выпукных знакаў, якія можна счытваць навобмацак. Марка будзе каштаваць каля 1 еўра, тыраж складзе 300 000 экземпляраў. Набыць яе можна будзе ў аддзяленнях сувязі непадалёку ад базылікі святога Пятра ў Рыме і па электроннай пошце.
Луі Брайль нарадзіўся ў 1809 г. у Францыі. У 3-гадовым узросце страціў зрок у выніку паранення шорным нажом у майстэрні бацькі, што прывяло да запалення вачэй. У 1829 г. распрацаваў сістэму, пры дапамозе якой сляпы чалавек можа чытаць і пісаць, адчуваючы знакі падушачкамі пальцаў. Сістэма Луі Брайля, якая выкарыстоўваецца і сёння, змяніла жыццё сляпых і слабавідзячых людзей. Сам Луі меў музычны талент і склаў таксама і нотны алфавіт для сляпых па тым самым прынцыпе, прычым стаўся настаўнікам музыкі і выхаваў шмат таленавітых сляпых музыкантаў. На 100-зе з дня нараджэння Луі Брайля, у 1952 годзе ягоныя рэшткі былі перанесеныя ў Парыскі Пантэон.








All the contents on this site are copyrighted ©.