2009-11-05 13:20:14

Драматычныя тэмпы русіфікацыі малых гарадоў


Ніводнага беларускамоўнага першага класа не набралі сёлета гарадскія школы і гімназіі Вілейкі, Маладзечна, Мядзела і Валожына.
Больш за тое, першых класаў з беларускай мовай навучання няма і ў сярэдніх школах мястэчкаў: ні ў Крывічах Мядзельскага раёна, ні ў Івянцы Валожынскага, ні Красным Маладзечанскага.
Самыя маладыя «беларусікі»-гараджане вучацца ў другіх класах. Праўда, кожны аддзел адукацыі можа пахваліцца цалкам беларускамоўнымі вясковымі школамі, але хіба могуць яны зраўнавацца па колькасці школьнікаў з гарадскімі?
У саміх другакласнікаў няма негатыўнага стаўлення да мовы: у свае 7 гадоў яны яшчэ нічога не ведаюць пра моўную сітуацыю, якая склалася ў нашай краіне.
З падручнікамі праблем, на якія спасылаліся ў некаторых школах рэгіёну няма.
Дырэктар Вольга Лісоўская мяркуе, што ў наступныя некалькі гадоў набраць беларускамоўныя першыя класы не ўдасца. «Бацькі жадаюць толькі на расейскай мове вучыць сваіх дзяцей. Так і кажуць: «Інакш мы пойдзем у іншую школу!»
Яны маюць на гэта права, калі ёсць месцы. А месцы ёсць», – расказала яна. Бацькам, якія выберуць для навучання менавіта беларускую мову, на думку Вольгі Лісоўскай, будзе цяжка: каб адкрыць першы клас, трэба не менш за 15 чалавек.
На думку старшыні Таварыства беларускай школы Алеся Лозкі, пра мову і культуру народа павінна клапаціцца дзяржава. «Самае галоўнае – беларусізаваць дзяржаву, – лічыць ён. – Адсюль пойдзе беларусізацыя школы і ўсіх сфер жыцця. Гадоў 10-15 таму 90% школьнікаў Міншчыны навучаліся па-беларуску. Калі б гэты працэнт захаваўся, дзе б мы ўжо былі! А бацькі глядзяць, што робіцца наверсе: ці размаўляе на беларускай мове кіраўніцтва краіны, ці зацікаўленае ў ёй. Лідэраў, якія б паказвалі прыклад, былі рухавікамі грамадства, сярод бацькоў мала, але яны ёсць. Некаторыя нават судзіліся, змагаючыся за права вучыць сваё дзіця па-беларуску. На жаль, рашэнні прымаліся не на карысць бацькоў».








All the contents on this site are copyrighted ©.