1 лістапада 2009 г., ва ўрачыстасць Усіх Святых, у рыма-каталіцкай капліцы Маці
Божай Каралевы Усіх Святых, што ў в. Макашы (Нясвіжскі раён), адбылася цэлебрацыя
святой Імшы і асвячэнне могілак. Адметнай падзеяй гэтага дня для мясцовых вернікаў
стала асвячэнне праваслаўнага крыжа перад уваходам у капліцу і фігуры Езуса на
пляцы перад могілкамі. Асвяціў крыж а. Ігар, настаяцель Георгіеўскай царквы ў
Астроўках (Нясвіжскі раён).
Эўхарыстыю ў гадавіну асвячэння капліцы ўзначаліў
кс. Ігар Лашук SDB, пробашч мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля. Ва ўрачыстых
набажэнствах таксама прымаў удзел кс. Мацей Шмытоўскі TChr, пробашч парафіі ў
Ішкалдзі (Баранавіцкі заходні дэканат, Пінская дыяцэзія).
Ініцыятарамі
ўстанаўлення праваслаўнага крыжа пры ўваходзе ў капліцу на мясцовых могілках сталі
самі вернікі. Большасць жыхароў вёскі — католікі, аднак сярод іх ёсць і праваслаўныя,
вельмі распаўсюджаныя тут і змешаныя сужэнствы. Ідэю падтрымаў кс. Ігар Лашук,
які таксама з’яўляецца ўраджэнцам гэтай вёскі. Менавіта дзякуючы намаганням кс.
Ігара да старажытнай капліцы на макашоўскіх могілках (к. ХІХ ст.) была дабудавана
новая частка. Асвячэнне капліцы здзейсніў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір
Велікаселец роўна год таму — 1 лістапада.
Напэўна, дзякуючы добрай
і святой традыцыі супольнай малітвы мясцовых вернікаў, цяпер тут побач узвышаюцца
два крыжы — праваслаўны і каталіцкі. Гэту падзею ў невялікай вёсачцы можна назваць
сімвалам адзінства, якое існуе ў беларускім народзе.