2009-11-02 14:19:30

Бургундыя. Сёння ў абацтве Клюні адбылася асабліва ўрачыстая, старажытнага абраду, Імша за памёрлых. Упершыню яе адцэлебраваў у 998 годзе пяты абат Сэн-Адзілон, і ў далейшым Задушная Літургія была распаўсюджана на Ўніверсальную Царкву.


Святы абат Адзілон сцвярджаў, што малітве за памёрлых неабходна аддаць спецыяльны дзень, каб душы людзей, што завершылі земскую пілігрымку, спалучыліся з любоўю тых, каго пакінулі на зямлі. Прыгадаем, што гэта сталася да першага расколу адзінае Царквы, які адбыўся ў 1054 годзе. Яшчэ перад гэтым абацтву была дадзеная Папам Янам 11-м прывілея прымаць пад сваю юрысдыкцыю манастыры, якія далучыліся да Клюнійскай рэформы . Заключалася яна ў адраджэнні моцнай малітоўнай духоўнасці і аскетызму ў перыядзе ўпадку манаскіх пакліканняў. Самое абацтва асягнула росквіту пры настаяцелях Юго Клюнійскім і Пятры Дабрачынным у 11-12 стагоддзях. Абацтва квітнела ды Кангрэгацыя ягоная перасякнула межы Францыі. Клюнійскія манастыры з'явіліся ў Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі і Польшчы, асягнуўшы 2-хтысячнай колькасці! Закон іх быў - суровая дысцыпліна, натхнёныя адносіны да святой Эўхарыстычнай Літургіі, доўгатрывалыя малітвы, аскетычны лад жыцця. З абацтва выйшла 12 кардыналаў і некалькі Папаў Рымскіх. Бібліятэка была адной з самых багатых у сярэднявеччы. Саборовая царква абацтва 11 стагоддзя дзіўляла прыгажосцю і была самай вялікай у свеце ажно да будаўніцтва ў 16 стагоддзі новай базілікі святога Пятра ў Рыме. У часе Вялікай французскай рэвалюцыі ў 18 стагоддзі aбацтва Клюні было зачыненаe і пазней разрабаванае. У 20 стагоддзі адбыліся рэстаўрацыі і аднаўленні будынкаў, што захаваліся. У гэты Задушны вечар тут праходзіць канцэрт духоўнай музыкі кампазітара Жан-Луі Рэбю.
Непадалёк ад Клюні знаходзіцца мейсца Тэзэ, якое мае вядомую экуменічную грамаду Taize'. Прычым, брат Ражэ - яе заснавальнік - шукаў менавіта блізка славутага манаскага абацтва дом для жыцця заснаванай ім грамады. У гг.2-й Сусветнай вайны да таго ж тут праходзіла дэмаркацыйная лінія, дык у грамадзе Тэзэ ратавалі антыфашыстаў. Прынагодна нагадваем, што яна (французская грамада) будзе мець сустрэчу з беларускай моладдзю ў Мінску ў катэдры 12 лістапада.







All the contents on this site are copyrighted ©.