2009-10-31 10:50:22

Наркотыкі забіваюць Беларусь


Як паведаміла 27 кастрычніка 2009 г. інфармацыйнае агенцтва «БелаПАН», штогод у Беларусі памірае ад перадазіроўкі наркотыкаў 120 чалавек. Аб гэтым паінфармаваў загадчык сектара наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Уладзімір Максімчук.
Па словах загадчыка сектара наркалогіі, зараз на ўліку ў наркалагічнай службе ў нашай краіне знаходзіцца каля 12 тысяч чалавек. Разам з тым колькасць беларусаў, што ўжываюць наркотыкі, вышэйшая за гэтую лічбу прыкладна ў сем разоў.
Уладзімір Максімчук адзначыў, што ў апошні час нарказалежныя ў Беларусі ўсё часцей пераходзяць на сінтэтычныя наркотыкі, у прыватнасці на амфетаміны і псіхастымулятары. Загадчык старшыні ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Васіль Лосіч тлумачыць пераарыентацыю на сінтэтычныя наркотыкі тым, што яны часта робяцца ў выглядзе таблетак, а гэта робіць іх надзвычай «зручнымі» для наркаманаў. Разам з тым ужыванне сінтэтычных наркотыкаў адзначаецца працяглым негатыўным уплывам на цэнтральную нервовую сістэму чалавека.


Каталіцкі Касцёл, нагадваючы пра ўсеагульнае пакліканне да святасці, лічыць наркотыкі вялікім злом і сур’ёзнай небяспекай для сучаснага чалавека. Наркотыкі — з’ява падманлівай моды, пераймаць якую нярэдка імкнецца чалавек, хоць пазней плаціць за гэта самую вялікую цану. Уцякаючы ад жыццёвых праблем у штучны свет задавальнення, які прапануюць наркотыкі, чалавек парывае сувязі з Богам, з іншымі людзьмі, з самім сабой, адварочваецца ад таго вялікага дару жыцця, які прапанаваў нам Пан, і адмаўляецца ад Божай падтрымкі ў жыццёвых нягодах.








All the contents on this site are copyrighted ©.