2009-10-30 12:53:30

У наступным годзе ў Кітаі прайдуць Дні культуры Беларусі


Дні культуры Беларусі ў Кітаі пройдуць у 2010 годзе. Такую прапанову выказаў міністр культуры Беларусі Павел Латушка падчас перамоваў у Мінску з намеснікам міністра культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі Ауян Цзянам, які яго падтрымаў.
Абменныя Дні культуры, што праводзяцца міністэрствамі культуры дзвюх краін па чарзе з 1999 года, на думку прадстаўнікоў абодвух бакоў, - адна з самых паспяховых форм супрацоўніцтва. Павел Латушка прапанаваў працягнуць гэту традыцыю і арганізаваць Дні культуры Рэспублікі Беларусь у КНР у 2010 годзе. Гэта прапанова знайшла падтрымку з боку кітайскай дэлегацыі.


Павел Латушка выказаў зацікаўленасць у арганізацыі гастроляў беларускіх калектываў, у прыватнасці, на сцэне новага будынка Дзяржаўнага Вялікага тэатра Кітая. Ауян Цзян згадзіўся з прапановай і выказаў пажаданне аб арганізацыі абменных гастроляў, каб беларуская публіка магла знаёміцца з творчасцю лепшых кітайскіх калектываў.


У ходзе перамоваў былі таксама закрануты пытанні далейшага развіцця кантактаў паміж арганізацыямі культуры Беларусі і Кітая, умацавання ўзаемадзеяння паміж нацыянальнымі бібліятэкамі, нацыянальнымі мастацкімі музеямі, установамі адукацыі.


Супрацоўніцтва ў сферы культуры Беларусі і Кітая рэгулюецца міжурадавым пагадненнем ад 1992 года і міжведамасным пратаколам аб супрацоўніцтве на 2007-2011 гады. Міністр культуры Беларусі выказаў прапанову, якую падтрымаў кітайскі госць, аб падрыхтоўцы і заключэнні новага пратакола аб супрацоўніцтве пасля завяршэння дзеяння ў 2011 годзе дзеючага дакумента.








All the contents on this site are copyrighted ©.