2009-10-26 14:36:37

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч- першы беларус -член Мальтыйскага Ордэна


Урачыстая цырымонія прыняцця Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў шэрагі славутага Мальтыйскага Ордэна сабрала 25 кастрычніка 2009 г. пад дахам мінскай архікатэдры мноства вернікаў, якія сабраліся тут, каб перажыць разам са сваім арцыпастырам гэты шчаслівы момант.


Ужо сам той факт, што Ордэн абраў сваім кандыдатам Мітрапаліта Кандрусевіча, першага біскупа за 60 год адсутнасці арцыпастыра на Беларусі, сведчыць аб той вялікай павазе, якую вядомая ва ўсім свеце супольнасць аказвае беларускаму іерарху. Вядома, што Святы Айцец Бэнэдыкт XVI з’яўляецца членам Мальтыйскага Ордэна ўжо 40 год. Быць у супольнасці Ордэна, як пазней адзначыў Мітрапаліт, — незвычайны гонар, хоць у той жа час і вялікая адказнасць.
 
Пасля эўхарыстыі распачаўся ўрачысты абрад прыняцця новага кандыдата ў Суверэнны Рыцарскі Мальтыйскі Ордэн. Прывітальнае слова на італьянскай мове з перакладам на беларускую прамовіў Магістральны капелан Ордэна кс. Ян Кош’яр. Капелан узгадаў асноўныя прынцыпы і каштоўнасці Ордэна, паведаміў пра яго дзейнасць у розных краінах свету, у лік якіх уваходзіць і Беларусь. «Менавіта любоў Хрыста нас аб’ядноўвае», — адзначыў кс. Ян Кош’яр, гаворачы пра братэрскую дзейнасць членаў супольнасці ва ўсім свеце. Галоўнымі напрамкамі сённяшняй дзейнасці Мальтыйскага Ордэна з’яўляюцца абарона веры і пакорнае служэнне бедным. Дзейнічаць, каб несці падтрымку людзям, асабліва там, дзе разгортваюцца канфлікты, — галоўная задача Ордэна, выканання якой ён жадае ад сваіх ганаровых членаў.

 
Сімвалічна тое, што, як сказаў капелан кс. Ян Кош’яр, Беларусь з’яўляецца месцам сустрэчы Усходу і Захаду, краінай, дзе дзве вялікія Царквы мужна прымаюць выклікі, што ўстаюць перад імі. Аднак дзейнасць Ордэна ў нашай краіне на гэтым не завяршаецца. Як было падкрэслена ў гаміліі, Ордэн і далей спадзяецца рабіць свой унёсак у развіццё экуменічных адносінаў паміж абедзвюма Цэрквамі і дзейнічаць на карысць людзей, у першую чаргу тых, якія знаходзяцца ў патрэбе. На рыцараў Ордэна ўскладаецца вялікі абавязак пашаны да святых рэчаў і адданасці бедным і прыніжаным — абавязак, якога чакаюць ад чалавека, здольнага на гэты высакародны ўчынак.

 
Пасля благаслаўлення рэгалій Мітрапаліт Кандрусевіч склаў урачыстую прысягу, у якой паабяцаў перад прадстаўнікамі Ордэна і ўсімі вернікамі спаўняць абавязкі, што ўскладваюцца на яго шляхам гэтага ганаровага пасвячэння. а







All the contents on this site are copyrighted ©.