2009-10-21 15:51:02

У Беларусі пачало працу інтэрнэт-радыё "Сафія"- першы праваслаўны радыёпраект у Беларусі


Як зазначана на старонцы радыё „Сафія”, перадачы накіраваныя „ня толькі да ацаркоўленых вернікаў, але й да ўсіх, хто задумоўваецца над сэнсам свайго жыцьця. Па меры магчымасьці й з Божай дапамогай плянуецца разьвіваць праект у інфармацыйны партал з аглядам шматлікіх бакоў жыцьця, са шматканальным радыё й тэлевяшчаньнем”.

Ініцыятарам і заснавальнікам радыё "Сафія" зьяўляецца Менская епархія Беларускай праваслаўнай царквы ў асобе Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта.

Над стварэньнем радыёперадач працуе група энтузіястаў на чале з дырэктарам Арцёмам Махакеем і галоўным рэдактарам айцом Паўлам Сярдзюком, які й зьяўляецца нашым суразмоўцам.

Айцец Павал, раскажыце, калі ласка, як праходзіла падрыхтоўка да стварэньня радыёстанцыі?

П. Сярдзюк: Даўно ўзьнікла неабходнасьць стварэньня рэсурсу Праваслаўнай царквы, які быў бы накіраваны да моладзі. Падрыхтоўка ішла даволі-такі доўга па шэрагу аб'ектыўных прычынаў, у гэтым фінансавых. Ініцыятарам стаў мітрапаліт Філарэт, і атрымаўся такі сінтэз настрояў. Пра неабходнасьць асваеньня хрысьціянамі мэдыяпрасторы для пропаведзі Эвангельля гаварылася ўжо ня раз.

Вы ўжо зазначылі, што радыё накіраванае да моладзі. Скажыце, ці гэта маладыя людзі менавіта праваслаўнага веравызнаньня?

П. Сярдзюк: У дадзеным выпадку і ў дадзены момант, а таксама ў будучыні наш праект будзе разьвівацца як інтэрнэт-праект. Таму, зразумела, што нашая мэтавая аўдыторыя - гэта маладыя людзі, якія навучаюцца ва ўнівэрсытэтах, якія ствараюць сем'і, нараджаюць дзяцей. Гэта людзі, якія маюць інтэлектуальныя запатрабаваньні. Гэта таксама тыя, хто ў сацыяльным сэнсе яшчэ не рэалізаваўся. Мы хочам зьвяртацца да людзей, якія шукаюць апоры й сэнсу жыцьця. Нашае радыё менавіта для такіх людзей, а канфэсійна мы не абмяжоўваемся.

Таксама мы хочам разьвіваць наш праект і на беларускай мове. Каб ён расказваў пра беларускую нацыянальную культуру, пра яе карані, пра ўплыў праваслаўя на разьвіцьцё беларускай культуры. І тут мы спадзяемся на падтрымку з боку беларускай інтэлігенцыі. Ёсьць вялікая колькасьць маладых людзей, якая незадаволеная тым, як у мэдыяпрасторы асьвятляецца нацыянальная беларуская культура.

Ці ёсьць пляны ў будучыні працаваць на ФМ-хвалях?
Сядзюк першапачаткова праект плянаваўся як ФМ-станцыя. Аднак гэта іміджавы праект і вельмі каштоўны. Мы праводзілі шэраг кансультацыяў з экспэртамі. Усе яны адзінагалосна кажуць, што мы павінны быць канкурэнтназдольнымі сярод 18 камэрцыйных радыёстанцыяў у Менску. Гэта ў пэўным сэнсе стварае праблему: наколькі мы ва ўмовах рынкавай канкурэнцыі будзем здольныя захаваць сваю першапачатковую ідэю, як радыё, якое называе сябе хрысьціянскім. Для стварэньня такога канкурэнтназдольнага прадукту патрэбныя сур'ёзныя сродкі, якіх сёньня няма. Вядома, што цяпер усе краіны перажываюць эканамічныя цяжкасьці ў сувязі з крызысам.

Айцец Павал, раскажыце гісторыю абраньня назвы радыё - "Сафія".
П. Сярдзюк: Сафія, бо адной з пакравіцелек беларускай зямлі зьяўляецца сьвятая праведная Сафія Слуцкая, мошчы якой знаходзяцца ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы ў Менску. Такім чынам мы таксама зьвязваем сябе з нашай мітраполіяй. Па-другое, Сафія азначае Божую мудрасьць. А наш праект існуе для таго, каб чалавек мог пазнаёміццца зь вечнымі ісьцінамі, якія абвяшчае Эвангельле. Дадаткова ёсьць моманты гучаньня слова "Сафія" нашых джынглах. Яно вельмі добра й арганічна гучыць, гэта фанічны момант.
На сёньняшні дзень радыё „Сафія” прапануе сваім слухачам выпуск навін і сталыя перадачы. Сярод іх - перадача „Мір Бібліі” паводле матэрыялаў часопіса „Фама”. У перадачы „Бяседа тыдня” галоўны рэдактар часопіса „Фама” Ўладзімер Лягойды вядзе гутаркі на актуальныя тэмы рэлігійна-грамадзкага жыцьця. У перадачы „Духоўная азбука” свае меркаваньні на розныя тэмы выказваюць дзеці, таму гэта перадача - зь дзецьмі для дзяцей і дарослых. Таксама ў эфіры радыё „Сафія” можна паслухаць ток-шоў аўтарства Ксеніі Ангелавай. Музычны фармат радыёстанцыі вельмі разнастайны й не абмяжоўваецца рэлігійнай музыкай.








All the contents on this site are copyrighted ©.