Беларусь-- на другім месцы ў Эўропе па колькасьці вязьняў
Беларусь працягвае заставацца на адной з лідэрскіх пазіцый у свеце па
колькасці вязняў. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара Інстытута перападрыхтоўкі
і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі
БДУ Аляксандр Баркоў. Як інфармуе БелаПАН, гэтая заява прагучала
на міжнароднай канферэнцыі па пытаннях рэфармавання крымінальнага заканадаўства.
Баркоў звярнуў увагу на тое, што ў 1999 годзе, калі прымаўся цяперашні Крымінальны
кодэкс, Беларусь была на трэцім месцы ў свеце па колькасці вязняў. Гэты паказчык у
яе складаў 565 чалавек на 100 тыс. насельніцтва. Апярэджвалі Беларусь толькі Расія
і ЗША. А ў такіх краінах як, напрыклад, Чэхія, Вялікабрытанія, Нямеччына, гэты паказчык
не перавышаў 175, 94 і 85 чалавек, адпаведна. Цяпер, як паведаміў Аляксандр
Баркоў, па колькасці грамадзян за кратамі Беларусь знаходзіцца на другім пасля Расіі
месцы ў Еўропе і дзеліць 3-4-е месцы ў свеце. Дарэчы, на сённяшні дзень
сярэдні тэрмін пазбаўлення волі ў Беларусі складае 6,3 гады. Пры гэтым 7 гадоў у Еўропе
лічыцца "жахлівым пакараннем", адзначыў спецыяліст.