2009-09-14 13:56:59

Узда адзначыла 325-ці годдзе парафіі Узвышэньня Сьвятога Крыжа


12 верасня 2009 г. у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў мястэчку Узда (Дзяржынскі дэканат) адбыліся ўрачыстыя набажэнствы з нагоды святкавання 325-гадовага юбілея парафіі. Святую Імшу канцэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі, Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі.


Перад касцёлам вернікі хлебам і соллю сустракалі свайго арцыпастыра, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, які ў працэсіі пад гукі рубяжэвіцкага духавога аркестра ўвайшоў у касцёл. Пасля прывітальнага слова Мітрапаліта, у якім арцыпастыр падкрэсліў важнасць падобных юбілеяў, Мітрапаліт Кандрусевіч і кардынал Свёнтэк разам са святарамі і вернікамі ўвайшлі ў касцёл, дзе іерархаў прывіталі дзеці, моладзь і старэйшыя парафіяне. Пасля прысутныя пачулі гісторыю парафіі.


Урачыстую святую Імшу ў гэты дзень узначаліў кардынал Казімір Свёнтэк, а Мітрапаліт Кандрусевіч прамовіў гамілію. Падчас гаміліі арцыпастыр падкрэсліў, што «хоць 325 гадоў — гэта невялікі час у гісторыі чалавецтва, але ў гісторыі хрысціянства гэта ўжо значна больш, бо складае 16 % часу існавання яго самога». «У той жа час 325 гадоў у геапалітычных абставінах нашай зямлі — гэта вельмі шмат. Створаная 325 г. таму парафія ва Уздзе перажыла час нашэсця войска Напалеона, першую і другую сусветныя войны, пераследы веры», — падкрэсліў арцыпастыр.


«Невыпадкова, што тытул парафіі — Узвышэнне Святога Крыжа. Лацінскае выслоўе кажа, што хоць зямля круціцца — змяняюцца часы і звычаі, — але крыж заўсёды застаецца знакам нашага збаўлення», — нагадаў Мітрапаліт.


Адзначаючы, што з дрэва крыжа, з прабітага бока Езуса Хрыста нарадзіўся Касцёл і сакрамэнты, Мітрапаліт распавёў пра іх значэнне і цэлебрацыю, падкрэсліваючы пры гэтым, што Касцёл з’яўляецца нашай духоўнай маці, якая нараджае нас да новага жыцця і клапоціцца пра яго.


Напрыканцы гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў вернікаў уздымаць свой позірк на крыж, як знак збаўлення і компас жыцця, каб хрысціяне сярод многіх жыццёвых шляхоў не забываліся той дарогі, якая вядзе да касцёла, дзе чакае Езус — адзіны Збаўца.


У сваю чаргу кардынал Свёнтэк узгадаў урачыстасць асвячэння касцёла ва Уздзе, якая адбылася 5 гадоў таму і якую ён сам здзейсніў. «Узда мае два касцёлы і абодва яны нашы, каталіцкія», — сказаў іерарх, нагадваючы пра нявырашанае пытанне адносна вяртання старога драўлянага касцёла.


На заканчэнне святой Імшы адбылося набажэнства адарацыі Крыжа, падчас якога кожны мог ушанаваць сімвал збаўлення ўсяго чалавецтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.