2009-09-08 11:50:03

У Балгарыі будзе створаны пэнсіянат для каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў сталага ўзросту


У Балгарыі будзе створаны дом для каталіцкіх і праваслаўных святароў сталага ўзросту. Адкрыць такую ўстанову было вырашана ў маі на семінары «Масты разумення: Дыялог хрысціянскіх рэлігій у Балгарыі». Дакумент падпісалі Відзінскі ўладыка Дамецыян і біскуп нямецкага горада Гільдэсхема доктар Ёзэф Гамайер.


Пансіянат стане першай у шэрагу сумесных ініцыятыў Праваслаўнай і Каталіцкай Царквы Балгарыі. Ён будзе размешчаны ў манастыры св. Яна Рыльскага каля горада Чыпроўцы і стане домам для 22 святароў сталага ўзросту абодвух веравызнанняў. Яны будуць забяспечаны камфортнымі ўмовамі жыцця і адпачынку, медыцынскай і сацыяльнай дапамогай.


Таварыства «Акно ў Балгарыю» і фонд імя Конрада Адэнауэра ўжо пачалі падрыхтоўку да рэканструкцыі і рэстаўрацыі старажытнага кляштара і будаўніцтва інтэрната. На праект будзе накіравана каля 750 тысяч еўра.


Кляштар св. Яна Рыльскага заснаваны ў Х ст. (гэта адзін з трох самых старажытных кляштараў у краіне). З таго часу ён быў шэсць разоў разбураны і адбудаваны нанова. Ён з’яўляецца помнікам культуры агульнанацыянальнага значэння.










All the contents on this site are copyrighted ©.