2009-09-03 14:14:13

У Менску ўшанавалі памяць ахвяр Другой Сусьветнай Вайны


1 верасьня ў Менску на Вайсковых могілках адбылося памінаньне ахвяр Другой сусьветнай вайны, паведамляе БелаПАН. У ім узялі ўдзел прыкладна 40 грамадзка-палітычных дзеячаў, прадстаўнікоў культуры й мастацтва, а таксама дыпляматы Вугоршчыны, Летувы, Польшчы і Ўкраіны.
Сьвятар Леанід Акаловіч адслужыў набажэнства ў памяць аб беларусах, якія загінулі за свабоду й незалежнасьць краіны ў гады сталінізму й Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі й за яе межамі, у тым ліку ў лягерах ГУЛАГа, нацысцкіх канцлягерах, на франтах, у акупацыі й эміграцыі.
Удзельнікі памінаньня ўсклалі кветкі зь бел-чырвона-белымі стужачкамі й запалілі лямпады каля брацкай магілы савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленьне Менска ад нацыстаў у ліпені 1944 году, каля магіл народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы й Якуба Коласа, а затым ушанавалі іх памяць хвілінай маўчаньня.








All the contents on this site are copyrighted ©.